29.02.2024 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі, салідарнасць Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад пераслед трапілі не менш за 287 чалавек, большасць з якіх — жанчыны. Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". З пачатку лютага людзей па ўсёй Беларусі пачалі масава судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 24.15 КаАП. Паводле праваабаронцаў, па стане на 29 лютага пад судовы пераслед патрапілі не менш за 100 чалавек. Па рашэннях судоў некаторым ужо прызначылі вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы "замежнай" аплаты. "Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Артыкул 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам) раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначыў, што гэта "адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў".
У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.
Цяпер жа новую рэспрэсіўную практыку актыўна выкарыстоўваюць супраць сем'яў палітвязняў. Па данных праваабаронцаў, за апошнія два тыдні адбудуцца ці ўжо адбыліся мінімум 100 судоў за атрыманне дапамогі.
У пратаколах паводле арт. 24.15 КаАП адзначаецца, што людзі "атрымалі і выкарысталі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме "Еўраопт" ад замежнага аб'яднання "INeedHelpBY", у мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загаддзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса "палітвязняў", незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".
Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам ад 10 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй гэтай дапамогі.
Так, напрыклад, у судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Суддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф у 20 базавых велічыняў (800 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.
Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз Viber асудзілі за Е-дастаўку. Аўдыё суда
"Вясна" публікуе падрабязнасці суда, а таксама аўдыё з працэса.
Таксама 26 студзеня суд Лідскага раёна аштрафаваў дзвюх лідчанак па гэтым артыкуле. Адна з іх атрымала "замежную дапамогу" таварамі на 5 241 рубель з інтэрнэт-крамы "Еўраопт", другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзвюх жанчын аштрафавалі на 1 000 рублёў кожную (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы атрыманай дапамогі. Іх пастановы апублікавалі на pravo.by.
Што рабіць, калі вас асудзілі за "выкарыстанне замежнай дапамогі"?
Згодна з заканадаўствам, штраф чалавек мусіць аплаціць не пазней за адзін месяц з моманту ўступлення судовай пастановы ў сілу. Аднак суму дапамогі прыйдзецца выплаціць амаль адразу пасля ўступлення рашэння ў сілу, бо інакш праз некалькі дзён справа аб спагнанні гэтай сумы перадаецца органу прымусовага выканання. Тады судовыя выканаўцы прымусова канфіскуюць у кошт пазыкі грашовай сумы, якая складае кошт "прадмета адміністрацыйнага правапарушэння" — "грашовай замежнай дапамогі".
Ці варта абскарджваць рэпрэсіі на нацыянальным узроўні?
Але кожны мае права абскардзіць рашэнне суда цягам дзесяці дзён з моманту вынясення рашэння. Абскарджванне пастановы аб прыцягненні чалавека да адміністрацыйнай адказнасці дае шанец на адмену пастановы, а таксама дазваляе адцягнуць час для выплаты штрафа (мінімум на два месяцы). Апроч усяго, гэта дае магчымасць дакументальна пацвердзіць факт палітычнага пераследу.
"На практыцы, судовыя выканаўцы могуць арыштаваць рахункі, спісаць з рахунку грошы і нават арыштаваць маёмасць, пры гэтым, дзеянні асуджанага паводле арт. 24.15 КаАП павінны адпавядаць памеру сумы, калі гэта некалькі пакупак у "Еўраопце" — арыштаваць нерухомасць будзе непрапарцыйна і занадта жорстка.
Абскарджанне дазваляе, прынамсі, падоўжыць тэрмін перадачы справы судовым выканаўцам на месяц, як мінімум. Калі вы прапусцілі тэрмін на абскарджанне, можна прасіць аднаўленне тэрміну на абскарджанне падачай адпаведнага хадайніцтва ў суд. Прычыны пропуску тэрміну трэба растлумачыць і, пажадана, пацвердзіць дакументальна.
Пасля абскарджання ёсць магчымасць прасіць адтэрміноўку або растэрміноўку аплаты штрафу. Для гэтага патрэбныя таксама дакументальна пацверджаныя прычыны немагчымасці аплаты штрафу адразу і цалкам", — адзначаюць юрысткі "Вясны".
Каб абскардзіць штраф, запрасіце ў суда матывіровачную частку, і звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў "Вясны": Telegram: @zvarot96 | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Распавесці падрабязнасці рэйду сілавікоў у студзені, а таксама пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах журналістам "Вясны": Telegram: @Viasnainfo | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: Мінімум 100 чалавек судзяць за атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY Дапоўнена