26.02.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, гісторыі вязняў У беларускіх месцах зняволення вельмі нізкі ўзровень медычнай дапамогі. Як распавядаюць былыя вязні, у калоніях і СІЗА амаль не аказваюць дапамогу з хранічнымі захворваннямі. Бракуе якасных медычных сродкаў. На прыём да лекара вылучаюць вельмі мала часу. Праз гэта ўтвараецца вялікая чарга і вязні не атрымліваюць своечасовую медычную дапамогу. Праз аказанне несвоечасовай і няякаснай дапамогі на сёння ў калоніях памерла ўжо пяць палітвязняў. Яшчэ нямала палітвязняў сталага веку, а таксама з інваліднасцю знаходзяцца ў калоніях у вельмі кепскім стане здароўя і патрабуюць неадкладнага лекавання.
Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена) вызваліўся з наваполацкай калоніі і распавёў "Вясне" пра падтрымку паміж хворымі і як палітвязні перадаюць хворым на дыябет цукеркі ў ШІЗА, як вязням з анкалагічнымі захворваннямі замест профільнага абследвання прапануюць прыймаць антыдэпрэсанты, як зняволеныя адмаўляюцца замаўляць медычныя бандэролі з-за вельмі складанай працэдуры яе атрымання, а таксама пра даведкі на нашэнне і захоўванне акуляраў.
"З тэмпературай і на бальнічым забаронена ляжаць у ложку"
Адна з праблемаў лекавання ў калоніі палягае ў тым, што прыйсці на прыём да лекара можна альбо перад працай, або строга па запісу. З тэмпературай ніжэй за 38 градусаў амаль нікому не выдаюць бальнічны ліст, кажа Міхаіл.
"Калі ты, напрыклад, прыйшоў прастуджаны да лекара, а ў цябе ў гэты момант тэмпература троху ніжэй за "патрэбную", цябе адправяць назад хворым на "промку" з некалькімі таблеткамі ібупрафена. Ты выходзіш на працу, напрыклад, з тэмпературай 37,5. Але цягам дня яна падвышаецца. І ў выніку можна было ўбачыць вязня, які сядзіць і калоціцца ад азноба".
Асабліва цяжка на працы было тым, хто мусіў выконваць дзённую норму. Тады здаровыя вязні дапамагалі захварэўшым.
"На зборцы паддонаў і ці на "бубках" (сартыроўка пластыкавых адкідаў – заўв. рэд.) у кожнага была асабістая норма. А там, дзе цягалі апілкі, у залік шла выпрацоўка ўсяго атраду. Там захварэўшаму было не так складана".
Калі атрымлівалася пайсці на бальнічны, то яго выпісвалі максімум на тры дні. А пасля зноў складаны шлях запісу да лекара, кажа Міхаіл.
"Калі вязень у зусім кепскім стане, то яго кладуць у лякарню. Са звычайнай прастудай знаходзішся проста ў атрадзе. Але паводле нормаў калоніі, з тэмпературай і на бальнічным, калі знаходзішся ў атрадзе, ўсё адно нельга ляжаць у ложку. За гэта іншы раз выпісваюць парушэнні".
"Лёгкае не можа балець". Анкахворыя ў калоніі
Аднаму з палітвязняў яшчэ да зняволення праз анказахворванне выдалілі частку лёгкага. Неўзабаве пасля гэтага ён патрапіў у калонію. Месца аперацыі працягвала балець. Турэмны лекар, да якога звярнуўся вязень, сказаў чакаць профільнага спецыяліста, які перыядычна прыязджаў у калонію.
"Спецыяльны ўрач, які прыехаў да нас, сказаў таму вязню, што гэтыя болі ў яго на нервовай глебе і няхай прымае антыдэпрэсанты. І ўвогуле лёгкае не можа балець.
Але іншаму не палітычнаму вязню, якому выдалілі лёгкае, прызначылі так званую “лёгкую працу”: выконваеш толькі палову нормы і не падымаеш больш за 5 кілаграмаў".
"Цукеркі на промцы". Хворыя на дыябет
Напрыканцы 2023 года ўсіх хворых на дыябет змясцілі ў адзін атрад. Міхаіл мяркуе, што іх аб’ядналі, каб было зручней атрымліваць інсулін.
"Фармальна інсулін выдаюць. Даябетчыкам дазваляюць насіць з сабою на "промку" цукеркі, каб рэгуляваць узровень цукру.
Але праблема з дыябетам вось у чым. Хворым трэба рэгулярна мераць узровень цукру. Напрыклад, калі ты ноччу некалькі разоў сходзіш у лякарню і цукар не будзе завышаны, то пачнуцца пытанні і могуць выпісаць парушэнне".
Калі цукар у норме, адміністрацыя адразу пачынае падазраваць вязняў у падмане. Таму хворыя часта не ідуць у лякарню ў дрэнным стане, каб не атрымаць парушэнне, распавядае былы палітвязень.
"Аднойчы ў аднаго з хворых на дыябет скончыліся цукеркі. Замест іх ён узяў з сабою на "промку" сухафрукт. За гэта яго адправілі ў ШІЗА. Падчас знаходжання ў штрафным іізалятары, з-за скачка цукру ў крыві, ён страціў прытомнасць і разбіў галаву".
Міхаіла распавядае пра праяву салідарнасці і падтрымку паміж хворымі.
"Калі вязні прыходзяць у лякарню па інсулін, то заўсёды пытаюць у медбратоў, ці не скончыліся цукеркі ў тых хворых, якія знаходзяцца ў ШІЗА. Каб ніхто не застаўся без патрэбнага цукру.
Калі ў дыябетчыка нізкі ўзровень цукру, у яго можа здарацца штосьці кшталту памутнення свядомасці. То бок, чалавек можа страціць над сабою кантроль і не разумець, што з ім адбываецца. Аднойчы вязень у такім стане прачнуўся і ўстаў пасярод барака. Гэта заўважыў кантралёр, які некалькі раз за нач прыходзіць аглядаць барак. Ён уключыў камеру і папярэдзіў, што вязень нібы збіраецца на яго нападаць. Іншыя вязні ўтаймавалі хворага і паклалі спаць. А зранку яму выпісалі парушэнне і праз некалькі дзён адправілі на 10 сутак у ШІЗА. Усе вязні былі тады вельмі абураныя. Бо гэта не проста “расшпілены гузік”. Адміністрацыя калоніі зусім не зразумела, што адбылася з чалавекам".
"3-4 гадзіны ў дзень на марозе і нельга хаваць рукі ў кішэні"
Міхаіл распавядае пра іншую праблему ў калоніі – абмарожаныя рукі на холадзе. Мясцовыя лекары з ліку палітвязняў выказвалі меркаванне, што гэта можа быць сіндромам Рэйно.
"Першую зіму ў калоніі вязні вельмі пакутуюць, пакуль не прыстасуюцца. На другую зіму "зэкі" папярэдне ўжо просяць родных даслаць ім спецыяльныя крэмы. Разумеюць, што нельга мачыць рукі ў халоднай вадзе перад тым, як ісці на вуліцу".
Турэмныя лекары з гэтым ніяк не дапамагаюць, кажа суразмоўца.
"Лекі ці крэмы ад гэтага не выдаюць.Ніякіх пальчатак таксама. Можна разлічваць толькі на свае, калі перададуць сваякі. Але і яны не ўратуюць, калі доўга стаіш на марозе, а рукі нельга хаваць у кішэні".
Мужчына падлічыў, што цягам дня вязні знаходзяцца на вуліцы прыкладна 3-4 гадзіны, нават калі працуюць на "промцы" ў цэху.
"Па-першае есць час на профулік, калі ўсе выходзяць да месца праверкі і чакаюць кантралёра, потым тры пастраенні перад кожным выхадам на прыём ежы. Пастраенне на выхад і "з’ём" з промзоны. Раніцай руханка на свежым паветры. Акрамя гэтага ранішняя і вечаровая праверкі па паўгадзіны. Да гэтага трэба дадаць паўгадзіны на прыборку пакояў. У гэты час вязні таксама чакаюць на вуліцы. Дадайце гадзіны працоўнай змены, калі ваша брыгада мае працу на вуліцы".
"Нерваў столькі страціш, што сабе даражэй". Як у калоніі няпроста атрымаць медычную бандэроль
Нават калі сваякі перадаюць крэм ад холаду, супрацоўнікі калоніі могуць прыняць яго за лекі, і не аддаць вязню.
"Увогуле, лекі ў калоніі атрымаць даволі няпроста. Іх можна перадаваць толькі ў медычнай бандэролі. Для гэтага трэба напісаць заяву. Затым трэба дачакацца, пакуль яе ўдакладняць, а калі не, перапісаць заяву улічваючы заўвагі. Затым копію заявы трэба даслаць дамоў родным, каб тыя паклалі яе ў бандрэролю. Пасля цябе выклікаюць на ўскрыццё бандэролі. Але яе ўскрывае мент. На гэтым этапе вязень яшчэ нічога не атрымлівае. Праз некалькі дзён ці нават тыдняў, калі назбіраецца некалькі бандэроляў іншых вязняў, цябе выклікаюць у медчастку, дзе твае лекі правярае ўжо лекар. Ён вырашае, ці можна табе выдаць лекі, што перадалі родныя. І толькі потым ты можаш нарэшце іх атрымаць".
Суразмоўца кажа, што па гэтай прычыне шмат якія вязні не замаўляюць у перадачах вітаміны, бо "нерваў столькі страціш, што сабе даражэй". Летам ў бандэролях вітаміны ўвогуле не прыймаюць, бо, на думку адміністрацыі калоніі, іх цалкам дастаткова ў гародніне.
Даведка на захоўванне і нашэнне акуляраў
Каб атрымаць дазвол на нашэнне акуляраў, патрэбна мець дзве даведкі: адну на нашэнне акуляраў, а другую – на захоўванне.
"Але да медыка такая доўгая чарга, што на атрыманне даведкі сыходзіць тры-чатыры месяцы".
Такая ж сітуацыя з кіём для перасоўвання. На яго таксама трэба атрымліваць спецыяльную даведку. Але яе могуць даць толькі на поўгода і потым зноў трэба станавіцца ў чаргу, кажа Міхаіл.
"Калі прыйшоў новы начальнік калоніі, то чамусці адмянілі ўвогуле ўсе даведкі: і на акуляры, і на кіёк і нават, каб мець магчымасць сядзець падчас праверкі.
А загадчыца медчасткі прыймае толькі гадзіну ў дзень. Яна часам проста казала, што стамілася і на сёння прыём скончаны. Калі паміж вязнямі заходзіла размова пра медчастку, усе пастаянна скардзіліся, што да загадчыцы патрапіць амаль немагчыма, калі пыталіся пра гэта ў афіцэраў на размовах з атрадамі - маўчанне ці адказы "пытанні не па тэме".
"Трэба сварыцца з медчасткай"
Міхаіл апісвае абсурдную сітуацыю з нашэннем акуляраў у калоніі.
"У аднаго з вязняў на прамзоне кантралёр пытае даведку на нашэнне акуляраў. А па ім адразу відаць, што мужчына проста нічога не бачыць без іх. Вязень адказвае правяраючаму, што без акуляраў і двух крокаў не зробіць і разаб’ецца. Тады яго павялі ў штаб, дзе "рэжымнік" на дзіва дазволіў мужчыну ісці на прамзону, а кантралёру патлумачыў, што гэта трэба "сварыцца з медчасткай". Гэта быў нетыповы выпадак.
Ёсць вязні са слабым зрокам, якія ходзяць на "промку" без акуляраў, каб не мець праблемаў з-за адсутнасці даведкі".
Крыніца: "З тэмпературай і на бальнічым забаронена ляжаць у ложку". Меддапамога ў наваполацкай калоніі