22.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Cакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч выказаўся наконт бяспекі на выбарах* пасля таго, як датэрмінова прагаласаваў. Паводле яго, гэта пытанне — на кантролі Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён паведаміў, што па ўсёй краіне звыш 30 тысяч камер адсочваюць абстаноўку. Тых, хто з'ехаў за мяжу, ён назваў "былымі грамадзянамі".
"Сілавыя органы, пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання, пераведзены на ўзмоцнены рэжым працы. Гэта аб'ектыўна. Вядома ж, абстаноўка няпростая. Таму такія меры прыняты абсалютна правільна. У кожным сілавым ведамстве выпрацаваны адпаведныя рашэнні, гэтыя рашэнні даложаны кіраўніку дзяржавы. Наогул пытанні бяспекі і ўсё, што звязана з гэтым, прэзідэнт нашай краіны трымае практычна на штодзённым кантролі, адсочваючы і аналізуючы абстаноўку, аддаючы адпаведныя ўказанні, а сакратарыят Савета бяспекі каардынуе рэалізацыю гэтых рашэнняў, якія даложаны кіраўніку дзяржавы", — заявіў Вольфавіч.
Паводле яго, сёння разгорнутыя аператыўна-сітуацыйныя штабы.
"Галоўная задача — забяспечыць абарону канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку на тэрыторыі нашай краіны, абараніць нашых грамадзян, перасцерагчы ад любых рызык і выклікаў і, вядома ж, забяспечыць бяспеку на тэрыторыі выбарчых участкаў".
"Сёння на поўную магутнасць працуе нядаўна ўведзеная рэспубліканская сістэма грамадскага маніторынгу бяспекі. То бок, гэта звыш 30 тысяч камер па ўсёй краіне, якія адсочваюць абстаноўку. Інфармацыя сцякаецца ў аператыўна-сітуацыйныя штабы для маментальнага рэагавання на тую ці іншую сітуацыю, якая можа ўзнікнуць. Таму што мы ведаем, што не ўсе хочуць, каб усё спакойна праходзіла на тэрыторыі нашай краіны. Некаторыя нашы былыя грамадзяне, якія ўцяклі за мяжу, вельмі хочуць, каб тут было неспакойна, нестабільна. А народ, які жыве сапраўды дома, на сваёй зямлі, вядома ж, зацікаўлены ў бяспецы. І задача сілавога блока, усіх людзей у пагонах забяспечыць гэтую бяспеку".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Сітуацыю на выбарах* манітораць больш за 30 тысяч камер па ўсёй Беларусі