21.02.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, затрыманні У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы мужчына, які нібыта хацеў «сарваць выбары»

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што з ім нібыта звязаліся людзі, якія хацелі, каб ён збіраў дадзеныя на чальцоў выбарчых камісій, а таксама «рыхтаваў людзей да назіральнай дзейнасці і далейшых правакацый на ўчастках». Таксама ён павінен быў здымаць відэа і дасылаць іх у «экстрэмісцкія рэсурсы» для «нагнятання сітуацыі ў краіне».

Затрыманыя супрацоўнікі прадстаўніцтва LG у Беларусі 

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях і маршах, дэманстрацыі «забароненых сімвалаў на дарагіх Mercedes» і напісанні каментароў у чатах. У аднаго з затрыманых таксама нібыта знайшлі патроны да Макарава.

Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманым пазбаўленнем волі да 5 гадоў.

UPD. Паводле "Нашай Нівы", затрыманыя — супрацоўнікі Аляксандр Самайловіч, Андрэй Магазіннікаў, Анастасія Малевіч і Наталля Пугачова.

Сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў больш за тысячу каментароў

З ім таксама паспрабавалі зняць «пакаяльнае» відэа, але гэта не атрымалася.

«Я жыхар Мінскай вобласці. Сёння затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Па факце затрымання сказаць мне няма чаго. Усё», — сказаў затрыманы.

За гэта яму прыгразілі, што ён «атрымае па максімуме».

Крыніца: Новыя затрыманні за каментары і Маршы: хроніка пераследу 21 лютага