20.02.2024 Тэгі: палітвязні У магілёўскай калоніі № 15 памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп на Лукашэнку" за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП "Пазіцыя". Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Яму было 64 гады. Падрабязнасці і абставіны смерці палітвязня высвятляюцца.
Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. У верасні 2022 года былога сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) асудзілі да трох гадоў калоніі. Ігара абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік. Згодна з матэрыяламі справы, Леднік прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам "Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіене АБСЕ". У ім ўтрымліваліся "загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва". Свой тэрмін палітвязень адбываў у магілёўскай калоніі № 15.
Як паведамляе тэлеграм-канал БСДП, у турме стан здароўя сацыял-дэмакрата істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце.
Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня
Пятая смерць палітвязня за кратамі
Гэта чацвёрты палітзняволены ў Беларусі, які памёр у зняволенні. Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2021 году ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу.
7 траўня 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
Ноччу 11 ліпеня 2023 году ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў гродзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Вадзім хварэў у зняволенні. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
Крыніца: У магілёўскай калоніі памёр палітвязень Ігар Леднік. Ён меў праблемы са здароўем