15.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Берасцейская "Вясна" вывучыла перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у дэпутаты ў Камянецкім раёне на Берасцейшчыне. Асаблівую ўвагу звярнула на сябе праграма Аксаны Высокагроцкай.
У праграме кандыдатка па Камянецкай выбарчай акрузе №5 пералічвае свае ранейшыя дасягненні: прайшла шлях ад першага сакратара райкама БРСМ да старшыні раённай ячэйкі прафсаюза. Уступіла ў партыю «Белая Русь". А ў 2023 годзе ўзначаліла аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама.
Далей у праграме Высокагроцкай называюцца “шэраг праблем, якія наспелі ў раёне, і яны актуальныя для большасці жыхароў". Аднак замест праблем прыводзяцца фактычна перадвыбарчыя абяцанні чыноўніцы ("увасобіць у жыццё моладзевую прастору “Лойс”, добраўпарадкаванне двароў"). Але адно перадвыбарчае абяцанне настолькі важнае, што выдзелена нават іншым колерам – чырвоным: "Прыкласці ўсе намаганні па стварэнні ваенна-патрыятычнага цэнтра ў г. Камянец".
Адзначым, што ва ўсіх праграмах усіх астатніх кандыдатаў па Камянецкім раёне выкарыстоўваецца толькі тэкст чорнага колеру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: У Камянцы кандыдатка ў дэпутаты ў сваёй праграме абяцае "ваенна-патрыятычны цэнтр"