14.02.2024 Тэгі: палітвязні, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Антон (імя зменена ў мэтах бяспекі) быў затрыманы па рэзананснай "справе Зельцэра" восенню 2021 года. У зняволенні ён правёў два гады разам з іншымі затрыманымі па гэтай справе. Доўгі час супрацоўнікі не ведалі, што з імі рабіць, таму затрыманыя знаходзіліся ў "замарозцы", а камеры былі перапоўненыя. Свой пераслед Антон параўноўвае з рэпрэсіямі ягоных сваякоў у 30-я гады — цяпер сваёй гісторыяй ён падзяліўся з "Вясной". Публікуем яе маналогам.
- Ілюстрацыйнае фота
"Я ў гэтым не ўдзельнічаю"
У Беларусі ў мяне было ІП, я быў інжынерам. А калі я выйшаў [з калоніі], мне прапанавалі назад вярнуцца на фірму, але працаваць на расейскі рынак. Я адмовіўся з тае простай прычыны, што, па-першае, з краіны вырашыў з'ехаць, па-другое, я сказаў: "Хлопцы, усе ў курсе, чым мы займаемся, я ў гэтым не ўдзельнічаю".
Я ўсё жыццё жыў у Мінску. І магу сказаць так: горад змяніўся, перабудаваўся, і на тых месцах, дзе раней былі фантаны і я маленькі пускаў караблікі з пенапласту альбо з пенаблоку, то цяпер там стаяць паркоўкі і бізнес-цэнтры.
Я памятаю, як Клінтан прыязджаў у 1994 годзе, гэта мала хто памятае і ведае. Я жыў проста на праспекце ў інтэрнаце, народу тады выйшла шмат, і стаялі ўздоўж праспекта, а Клінтан прыязджаў у Акадэмію навук. А я жыў насупраць Акадэміі навук, і я гэта ўсё бачыў.
"Я не ведаю, давай возьмем кодэкс пачытаем"
Затрымалі мяне 29-га верасня 2021 года, а 30-га дабіралі ўжо астатніх хлопцаў — апошніх.
Было так. Я ехаў з працы разам са сваёй дзяўчынай. Пад'язджаю да дома, падыходзяць трое, разгарнулі ксівы, кажуць: "Пакажы багажнік". Паказваю багажнік, але кажуць: "Нам не патрэбны твой багажнік, збірайся з намі". Я пытаюся: "З нагоды?" Яны кажуць: "Не ў тваіх інтарэсах задаваць пытанні". Забралі мяне з дзяўчынай. Яе ў дзве гадзіны ночы дзесьці адпусцілі.
Ну а ўжо ў КДБ стала зразумела, з нагоды чаго.
У КДБ я трапіў у аддзел па эканамічных злачынствах, яны сказалі: "Ты наогул не наш кліент, нам не цікавы".
А тлумачальныя мы ўсе пісалі на імя Церцеля. У іх тлумачылі, што каментаваў, чаму напісаў. У мяне было некалькі каментароў.
Калі я ў КДБ сядзеў, пытаўся: "Што вы хоць ставіце ў віну?" Былі спачатку 130-я і 369-я артыкулы, гэта значыць першапачатковая, па якіх нас затрымлівалі. Я пытаюся: "А што гэта за артыкулы?" Супрацоўнік кажа: "369-я — гэта абраза". Я кажу: "А 130-я гэта што?" Ён адказвае: "Я не ведаю, давай возьмем кодэкс пачытаем". І мы ў КДБ узялі кодэкс і пачыталі. І калі я прачытаў, што 130-я гэта распальванне міжнацыянальнай варожасці, я ўжо ў тлумачальнай, зыходзячы з прачытанага, выразна напісаў: "Нічога не распальваў, нікога там не абражаў". І, умоўна, відэа, якое было апублікаванае, я да яго паставіўся несур'ёзна з той простай прычыны, што калі ў "Зоне Х" у нас паказваюць аварыю, там труп ляжыць ці камусьці руку ці нагу адарвала, вы замазваеце гэта пікселямі, квадрацікамі, а тут, кажу, ужывую, ніякіх пікселяў, нічога, таму я да відэа, кажу, паставіўся як да фэйку.
Я зняў рэмень і здаў рэчы. Супрацоўнікі КДБ увечары сустрэліся з сястрой, аддалі ёй рэмень, заплечнік і ключы ад машыны, а мяне адвезлі на Акрэсціна. Калі мы туды прыехалі, каб нас здаць туды, была чарга. То-бок, нас жа шмат было. Менавіта па справе Зэльцэра. І мы стаялі ў чарзе, чакалі пакуль нас прымуць.
Машын можа быць сем-восем было, і быў яшчэ аўтазак, не ведаю, колькі ў ім было людзей. Мы былі на маленькіх машынах — нас так везлі па адным, па два чалавекі. Мяне, напрыклад, трое супрацоўнікаў КДБ прывезлі аднаго здаць на Акрэсціна.
- Ілюстрацыйнае фота
"Шмат хто быў гатовы ахвяраваць сабой"
Калі нас усіх забралі, і мы сядзелі першыя дні, многія казалі: "Ой, нас столькі шмат набралі, нас адпусцяць". Я казаў: "Ніхто не адпусціць, таму што каб злавіць нас, былі затрачаны сілы, паліва і г. д. і да т. п." Пасля таго, калі мы адседзелі тры тыдні дзесьці, многія зразумелі, што дадому мы не пойдзем, што будзем атрымліваць тэрміны. Размовы былі такія: большасць, напэўна, адсоткаў 70, былі гатовыя адседзець два-тры гады, але каб увесь рэжым паваліўся. Гэта значыць, многія былі гатовыя ахвяраваць сабой. Я стараўся абстрагавацца ад гэтага ўсяго і сыходзіць у нешта іншае, каб так не ціснула. Некаторым гэта давалася вельмі складана, і даводзілася неяк дапамагаць, размаўляць з людзьмі.
"Вы перавярнуліся, мне і легчы ўжо няма куды"
Далей нас аформілі, завялі ў камеру, у чатырохмясцовай камеры ўжо можа было чалавек чатырнаццаць — усе па "справе Зельцэра". Мы спачатку сядзелі на другім ці на трэцім паверсе, а потым нас апусцілі ўсіх на першы паверх.
Нас усіх у камеры засунулі па адной справе — "справе Зельцэра" — і ў нас было асобна такіх камер пяць-шэсць.
Потым у камеры нас было ад 28-мі да 32-х чалавек. Мы спалі, хто як, на нары па два чалавекі. У залежнасці ад камеры даўжыня стала адрознівалася: калі доўгі стол, то спалі па два чалавекі на стале і два на лаўцы, хтосьці пад стол, хтосьці пад лаўку, астатнія на падлозе. Каб вы разумелі ўмяшчальнасць камеры: я неяк раніцай прачынаюся, а чалавек у нас такі быў паўнаваты, стаіць каля сценкі, я кажу: "А чаго ты не спіш?", ён адказвае: "Ды я падняўся ў прыбіральню схадзіць, вы перавярнуліся, мне і легчы ўжо няма куды". І ўсё, да раніцы стаяў, да пад'ёму.
Там мы правялі чацвёра сутак. У нядзелю (3 кастрычніка) нас павязлі ў Жодзіна. І вярнулі назад. Як?
Калі нас падымалі ў Акрэсціна на чацвёрты паверх падпісваць паперы, што нам падаўжаюць да 10 дзён наш арышт (не 72 гадзіны, а ўжо да 10 дзён) і калі мы падпісвалі гэтыя паперы, там было пазначана Валадарскага, 1 — гэта значыць "Валадарка". У нядзелю не ўсіх (хацелі ўсіх, але мабыць потым нешта ў іх памянялася) нас грузяць у аўтазакі, і мы едзем. І я еду ў аўтазаку і кажу: "Хлопцы, нас вязуць вельмі доўга, мы едзем не на Валадарку, мы едзем у Жодзіна, адназначна". Так, сапраўды, нас прывезлі ў Жодзіна. Усё ветліва, усё культурна, і потым, мабыць, нехта з начальства намякнуў, што мы не іх, адкрыў дакументы і ўсё, падняў кіпіш, і нас назад у аўтазакі і вярнулі на Акрэсціна.
А на панядзелак ужо паступіла разнарадка, і на нас ужо, пачынаючы з Акрэсціна, пачалі кайданкі надзяваць, рукі заломам весці, так вось, тварам уніз каб ты глядзеў. Прывезлі зноў у Жодзіна, брэх сабак, выбягаеш — каму па карку далі, каму ў жывот, аднаму там, па-мойму, рэбры зламалі (ён цяжка дыхаў і доўга ў яго балела гэта ўсё). Медыцынскай дапамогі, натуральна, ніякай не аказвалася, ну можа быць расколіна была, але яны на ім так і зажылі, атрымліваецца. Як там што далей, я не ведаю, але вось такім чынам.
"Пабегаць з торбамі і з кайданкамі ззаду"
"Сталыпін". Цябе забіраюць у Жодзіна: адзін шмон, другі шмон. Пасля грузяць у аўтазакі. На ўсіх — кайданкі, канвой. Ты едзеш да нейкай станцыі ў Жодзіна: едзе звычайны цягнік з пасажырамі, апошні вагон ці два прымацаваныя для зняволеных — туды асобны канвой прымае, і ты едзеш. І палітычныя, нават у цягніку ў вагоне, едуць у кайданках. Са мной ехаў дзядуля — 29 гадоў адседжаных! І ён без кайданкоў. А ты едзеш у кайданках. Кубак гарбаты няма як узяць у рукі, на верхнюю паліцу залезці... Такі квэст. Па снезе потым пабегаць з торбамі і з кайданкамі ззаду... Весела.
- Ілюстрацыйнае фота
"Па сценах цякла вада"
У Жодзіне камеры былі перапоўненыя якім чынам: калі камера на восем чалавек з васьмю ложкамі — то ў ёй утрымліваецца альбо 16, альбо 18 чалавек, а калі 10 ложкаў, то 20 або 22 чалавекі. Гэта значыць роўна ў два разы была перапаўняльнасць камеры, хоць насупраць камеры ў гэтым жа корпусе былі вольныя. Што на Акрэсціна, што ў Жодзіна вось гэтыя 45 дзён першых, калі нас "замарозілі", кожную гадзіну быў прафулік: у 12 ночы ўздым, каб разбіць сон, і ў дзве гадзіны ночы ўздым, і зноў жа прафулік, кожны павінен адсправаздачыцца. Спалі заўсёды са святлом — і самыя вакантныя месцы паспаць былі альбо пад сталом, альбо пад ложкам, таму што не свеціць лямпачка.
А калі ўжо перавялі на "Тытанік" [корпус у Жодзіне], там ужо як бы нас "размарозілі", але ўсё роўна, бывала, закінуць каго-небудзь з нашых, хто не згодны з тым ці гэтым, яго закінуць, ён пабудзе дзень, паедзе далей, але ў гэты момант возьмуць камеру ўсю ператрасуць, перавернуць.Яшчэ я ў карцэр скатаўся за тое, што два разы днём прыснуў, а трэці раз радыё палез проста цішэй зрабіць.
Калі сядзеў на Акрэсціна і Жодзіна, праз перапоўненасць камер няма чым было дыхаць, па сценах цякла вада, груба кажучы кандэнсат. І ў Жодзіне нас штодня выводзілі на "шмон", мы стаялі на расцяжках, ногі каб ва ўсіх раз'язджаліся, падлогі тлустыя, красоўкі не трымаюць, усё гэта плыве. І гэта быў той момант, калі цябе быццам бы прэсуюць, але ты рады таму, што можаш выйсці падыхаць паветрам у вялікім аб'ёме. А недахоп паветра прыводзіць да таго, што цябе хіліць у сон. А яны кажуць: "Не спаць, не спаць".
Яшчэ хацелася б дадаць: паводле міжнародных канвенцый, якія Беларусь падпісвала, на турмах не павінна быць "раснічак", у камеры мусіць трапляць нармальнае святло, а ты не бачыш яго. Вось гэтае парушэнне ўтрымання найгрубейшае. І другое: у дворыках для шпацыроў тынкоўка на сценах мусіць быць роўная, а яе спецыяльна наляпалі, што яна такая "вожык-калючка" — гэткага таксама не павінна быць згодна з міжнароднай канвенцыяй.
- Ілюстрацыйнае фота
"Хлопцы, сядзіце ціха, з вамі наогул не ведаюць, што рабіць"
У Жодзіне, калі нас пачалі ўсіх ставіць на прафулік, давалі запаўняць бланкі. Я гэты бланк адмовіўся запаўняць. І калі мяне прывялі на прафулік, сядзіць начальнік турмы, сядзяць шэсць чалавек за партай. Адзін крычыць: "Галаву не падымай!" — такое псіхалагічнае прыніжэнне чалавека. А я кажу: "А як гэта я буду размаўляць галавой уніз?" Ну і начальнік турмы такі: "Ну добра, хай кажа. Чаго дакументы не запоўніў, чаго не падпісаў?" "А чаму вы ставіце мяне на прафулік? Я яшчэ невінаваты, мая віна не даказаная, мне яшчэ нават артыкул толкам паставіць у віну не могуць, па якім мяне судзіць". Ён кажа: "Вось, у нас дакументы ёсць, ваш артыкул мае на ўвазе пастаноўку на прафулік". Я кажу: "Дык а чаго вы ў мяне пытаецеся? Стаўце — і ўсё тады".
Калі былі ў Жодзіне, мы неяк шумелі і казалі: "Што адбываецца?", і адзін прадольны сказаў: "Хлопцы, сядзіце ціха, з вамі наогул не ведаюць, што рабіць". Гэта значыць нас набралі, а што рабіць з намі яны ў пачатку яшчэ не ведалі".
"Навошта вы яго трымаеце ў турме?"
Закідвалі ў камеры псіхічна хворых людзей, гэтыя людзі наогул не павінны сядзець у турмах. У мяне нават у камеры такія чатыры чалавекі былі.У іх ёсць дыягназы, якія стаяць у "Навінках" альбо нейкіх іншых псіхіятрычных клініках на ўліку, і атрымлівалася так, што ён стаіць на ўліку, а яго ўсё адно змяшчаюць у турму, потым вязуць з турмы з Жодзіна на "Валадарку", а адтуль ён едзе ў нашу псіхіятрычную лякарню, адтуль яго прывозяць назад, потым ён сядзіць далей, суд ідзе без яго, потым яго назад вязуць на "Валадарку", а адтуль ён ужо потым едзе ў клініку лячыцца. То бок, калі вы падымаеце дакументы і бачыце, што чалавек псіхічна не здаровы, навошта вы яго трымаеце ў турме? Вы яго адразу вязіце ў клініку лекаваць! А ў яго там пакуль пройдзе гэты суд без яго, па коле, следства, ён мінімум паўгода сядзіць у турме.
- Ілюстрацыйнае фота
Алесь Пушкін: "У мяне фатаграфічная памяць"
Ёсць яшчэ гісторыя з Алесем Пушкіным. Я з чалавекам сядзеў, які сядзеў з ім. У іх у камеры адзін чалавек павесіўся быццам бы праз тое, што ў яго была аўтакатастрофа, загінулі жонка і дзіця, а яму мусара прад'яўляюць, што ён сам вінаваты. І ён на фоне гэтага ўсяго засіліўся. І Алесь Пушкін раніцай прачнуўся і гэта ўсё замаляваў. Прыляцелі мусара. Натуральна, паніка, кіпіш (як на турэмнай мове). І пасля гэтага камеру ўсю "раскеляшавалі" [рассялілі па іншых камерах]. І Алесь паспеў гэта ўсё замаляваць. І потым усе гэтыя малюнкі пазабіралі. А ён стаіць перад імі і кажа: "Вы можаце ў мяне забраць алоўкі, асадкі, усё, што заўгодна, але я мастак, у мяне фатаграфічная памяць, я гэта праз 10-15 гадоў намалюю..."
"Калі экспертыза нічога не даказала, за што вы мяне тут трымаеце?"
Памятаю мужчыну 55 гадоў — нас жа па "справе Зельцэра" пакавалі ўсіх адразу. Да яго прыйшлі, забралі ў яго кампутар і адпусцілі. Ён быў дома, а праз шэсць месяцаў яго зноў арыштавалі. Дарэчы, цяпер адзін з "зельцэраўскіх" сядзіць ужо паўторна. Яму паставілі ў віну яшчэ адзін каментар, гэта значыць ён выйшаў, пагуляў год на волі — затрымалі і далі яшчэ год.
А яшчэ быў адзін чалавек з ДЦП — у яго адна рука ад пляча не працавала. Ён казаў: я нарадзіўся, у мяне палова цела не працавала, потым лекары зрабілі аперацыю, вось запусцілі ўсё, але рука так і засталася. Адзін быў з гемароем, два чалавекі з аўтызмам былі.
Быў чалавек са слыхавым апаратам — у яго экспертыза наогул даказала нуль. На судзе ён казаў: "Калі экспертыза нічога не даказала, за што вы мяне тут трымаеце?" Тры гады ён атрымаў.
У аднаго быў камень у нырцы вялікі, у яго ўжо былі ўсе дакументы на аперацыю, але яго затрымалі. Ён з намі сядзеў у "замарозцы". Але ён пачаў крывёю мачыцца, і вось пасля гэтага моманту яго забралі, і ўсё, больш яго ніхто не бачыў.
На "Валадарцы" я пазнаёміўся з чалавекам, якому ногі прастрэлілі. Ён на суды ездзіў на мыліцах, яму далі ці то 16, ці то 18 гадоў, тыпу "рэйкавы партызан", а ён проста ў межах гэтай геалакацыі жыве, і таму яго тэлефон высвечваўся там, а яму ставілі ў віну гэта.
Яшчэ адзін чалавек — яго па "справе Зельцэра" забралі праз тое, што ён Зельцэра ведаў асабіста: яны па "айцішцы" перасякаліся. Забралі яго разам з бацькам, і бацька праз некалькі сутак выйшаў на волю. Гэта адзіны чалавек быў, які па "справе Зэльцэра" выйшаў, мужчына 62 гады, ён сказаў: "Якія тэлеграмы, які вайбер? Я пенсіянер, вось кнопкавы тэлефон у мяне ёсць, а больш у мяне нічога няма". Гэта значыць, гэты чалавек, якога забралі, ён наогул ніводнага каментара не пісаў, яго проста забралі, як сябра. Потым нібыта, як я чуў, такіх чалавек восем было.Былі людзі, якія па палітыцы "ехалі" за іншыя каментары. Так аднаму чалавеку далі тры гады. У яго па "справе Зельцэра" каментароў не было, але знайшлі нейкія каментары за 2020 год.
У цэлым палітычныя ехалі потым не толькі за каментары па Зельцэру, а за ўсялякія. Было такое, што мы па Зельцэры сядзелі, потым чалавек, напэўна, 160, "макееўцы" — як мы іх называлі, калі Макей памёр, каментары пакідалі. Потым я ўжо на волю выйшаў, людзі паехалі праз акцыі па самалёце, калі ў Мачулішчах бахнула. Вось так вось.
Былі хлопцы за данаты. Іх там было чалавек 100. Мне з двума выпала пагутарыць. Адзін казаў так: прыйшлі і сказалі: "Калі б заданаціў 60 еўра, а не 80, то не прыйшлі б". Іншаму наадварот сказалі: "Калі б заданаціў тры разы, а не чатыры, то не прыйшлі б".
- Ілюстрацыйнае фота
"Вы наогул не мае хлопцы, я займаюся наркотыкамі"
Калі пачалося першае судовае пасяджэнне, прыйшла мая мама з сястрой, пасля чаго сказалі, што суд закрыты і ўсіх папрасілі сысці. Гэта значыць мяне, груба кажучы, сваякі секунду ўбачылі і ўсё. Перагаворвацца нельга, суд выглядае пасмешышчам. Усё на сур'ёзных шчах гэта ўсё так разбіраюць і разжоўваюць. І пракурор: "Вінаваты-вінаваты", нібыта я там кагосьці забіў. Выглядала гэта так.
Мой следчы казаў: "Вы наогул не мае хлопцы, я займаюся наркотыкамі". Я кажу: "Вось ты разумееш, тое, што мы сядзім тут — гэта ўсё проста пасмешышча". Ён кажа: "Не, вы не чыталі Закон "Аб экстрэмізме". І пачынае мне цалкам сур'ёзна гэта ўсё распавядаць. І я зразумеў ужо, што з чалавекам няма пра што размаўляць.
"Сувязь гэтых часоў прасочваецца"
Я вырашыў з'ехаць. Прычын было некалькі. Па-першае, я мог падумаць, што за мной зноў прыйдуць. Па-другое, мне ўсё надакучыла. Па-трэцяе, мне не падабалася хадзіць адзначацца ў міліцыю. І яшчэ добра б хадзіць у РУУС... Пасля таго, калі я выехаў з краіны, дадому прыйшла папера, што мяне выклікаюць у РУУС з нагоды адміністрацыйнага працэсу за мітынгі ў 2020 годзе пагаварыць, але праз тое, што не могуць мяне знайсці, то яны справу прыпыняюць. Гэта значыць нават зыходзячы з Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ( яны там паднялі тэрмін да двух гадоў), усё роўна гэта ўжо быў 2023 год сакавік, тэрміны выйшлі. Нават у гэтым яны парушаюць заканадаўства.
І адзін з фактаў — ты жывеш у краіне, працуеш, значыць плаціш падаткі. З гэтых падаткаў утрымліваецца гэтае ўсё. Нават акрамя падаткаў, ты ходзіш купляць хлеб, малако, з гэтага ж таксама бяруцца падаткі, мы плацім. Гэта значыць ні цэнта на ўтрыманне рэжыму.
А яшчэ перадумовай было такое: у 1939-ым годзе прадзед мой (гэта бабуля распавядала) — чалавек, які прайшоў першую сусветную вайну, страціў палец. І калі калектывізацыя была, калі ў калгасы сцягвалі хутары, яго арыштавалі, пасадзілі спачатку на тры гады. Потым ён вярнуўся, дома пабыў год — з'ехаў на Калыму Паўночна-беламорскі канал капаць. Груба кажучы, чалавек прайшоў ГУЛАГ з Салжаніцыным разам. І ў агульнай складанасці ў прадзеда (бабуля распавядала) атрымалася ці то 12 і 9, ці то 13 і 9 адседжаных гадоў. А калі другі раз прыйшлі арыштавалі, кажа, з хаты пазабіралі ўсё, і прыйшлі праз месяц зрабілі паўторна ператрус, а ежы ўжо не было зусім. Раней замест шафаў былі куфры для адзеннем, і ў адным, кажа, ляжаў збан з соллю, так і яго забралі.
Потым два гады хадзілі па вёсцы мыкаліся, хто б пакарміў, сямёра дзяцей засталося.
Сувязь гэтых часоў прасочваецца. Калі ў дзяцінстве камусьці чыталі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, ці яшчэ нешта, то мне бабуля распавядала, як яны перажывалі Другую сусветную вайну, як былі ў бежанцах, як у агародзе былі акопы і бліндажы, куды вялі, як яе першага мужа ледзь два разы яшчэ не забілі, да таго як ён пайшоў на фронт. Шмат чаго распавядала.
*Ва ўспамінах Антона ёсць нашмат больш інфармацыі і гісторый, але ў мэтах бяспекі мы іх не прыводзім.
Як выглядала камера ў Жодзіне з затрыманымі па "справе Зельцэра"?
Антон намаляваў тое, як выглядаюць камеры ў корпусе Жодзіна на першым паверсе, дзе ўтрымліваліся затрыманыя па "справе Зельцэра".
"Калі вас пачалі весці, вызвалілі цалкам корпус пад вас", — казалі іншыя зняволеныя.
Файлzhodina_perzhy-paverh.pdf (5.51 Mb)
"Шмат хто быў гатовы ахвяраваць сабой". Экс-палітвязень распавёў пра затрыманне па "справе Зельцэра"
Крыніца: "Шмат хто быў гатовы ахвяраваць сабой". Экс-палітвязень распавёў пра затрыманне па "справе Зельцэра"