14.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Падняць актыўнасць выбаршчыкаў на Гомельшчыне вырашылі не зусім звычайным шляхам: жыхарам вобласці абласная газета падрабязна распавяла, як у духу «ўсенароднага свята» адбываліся выбары ў 1939 годзе, у самы разгул сталінскіх рэпрэсій, калі прымусовая яўка пад час галасавання складала 99.9%, а бюлетэні выдавалі энкавэдысты.
Прыводзім частку гэтага артыкула, каб грамадзяне змаглі зрабіць уласныя высновы.
"У дзень выбараў 24 снежня 1939 года ў Палескай вобласці ўсе выбарчыя ўчасткі пачалі працу ў 6 гадзін раніцы. Да гэтага ж часу сабраліся сотні выбаршчыкаў, якія пажадалі першымі аддаць свае галасы за кандыдатаў. У іх ліку былі людзі 70-80 гадоў, моладзь, якая ўпершыню ўдзельнічала ў галасаванні, а таксама стаханаўцы. На Асташкаўскі выбарчы ўчастак Даманавіцкага раёна выбаршчыкі пачалі прыходзіць ноччу, ужо ў 5 гадзін раніцы з'явіліся 450 чалавек з 765. На гэтым участку да 11 гадзін выдача бюлетэняў была скончаная. Паводле архіўных дакументаў, на Бярозаўскі выбарчы ўчастак у Нараўлянскім раёне лепшая стаханаўка Ганна Тызенгаўз прыйшла ў 2 гадзіны 30 хвілін. У Хойніцкім раёне выбаршчыкі пачалі збірацца на ўчастках у 3 гадзіны ночы. На Дубровенскім выбарчым участку Нараўлянскага раёна галасаванне завяршылася да 10.30 раніцы, свае галасы аддалі ўсе 240 чалавек. Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных праходзілі надзвычай актыўна: да 7 гадзін раніцы ў галасаванні прыняло ўдзел 10,8% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў Палескай вобласці. У 8 гадзін прагаласаваўшых было 82707 чалавек - больш за чвэрць, на 14 гадзін прагаласавала 86,6%. Дзень выбараў ператварыўся ва ўсенароднае свята. На ўсіх участках працавалі буфеты, гучала музыка, арганізаваны дзіцячыя пакоі. Некаторыя выбаршчыкі з'явіліся з гармонікам, у свабодных памяшканнях былі арганізаваны танцы, гульні ў шашкі і даміно», - узгадвае сталінскія крывавыя часы «Праўда Гомель».
Гэтыя звесткі прадставіла загадчыца архіва грамадскіх аб'яднанняў Гомельскай вобласці Наталля Бачура. Яна спадзяецца, што і ў цяперашнюю выбарчую кампанію жыхары Гомельшчыны таксама праявяць актыўную грамадзянскую пазіцыю, у стылі трыццатых гадоў.