13.02.2024 Тэгі: праваабаронцы, ціск, рэпрэсіі Расійская "Медиазона" вывучыла базу вышуку МУС Расіі. На гэта звярнула ўвагу "Медиазона Беларусь". У спісе апынуліся і беларускія праваабаронцы. "Вясна" запытала ў іх: як яны паставіліся да гэтай навіны?
Хто ў расійскай базе вышуку
- Зверху: Наталля Сацункевіч, Леанід Судаленка, Ігар Казмярчак. Знізу: Марыя Тарасенка, Уладзімір Хільмановіч, Зміцер Салаўёў
Наталля Сацункевіч, праваабаронца ПЦ "Вясна"
"Я ведаю ўжо даўно пра ўзбуджаную крымінальную справу супраць мяне. Хаця беларуская ўлада ніякіх папер мне дасылала і ніяк не інфармуе. Гэта тыповыя паводзіны, на жаль. У гэтых умовах немагчыма рэалізаваць права на абарону, напрыклад.
Я ўспрымаю крыміналку як натуральныя наступствы публічнай праваабарончай дзейнасці ў Беларусі зараз. Такая сітуацыя. Нагадваю сабе, што калегі і сябры за кратамі, а я толькі ў вышуку.
У мяне ёсьць бясплатная парада для праваахоўных органаў Расіі: абвесціць у вышук сапраўдных злачынцаў. Тых, хто катаваў людзей у Беларусі ў жніўні 2020-га і зараз. І тых, хто здзейсняе ваенныя злачынствы на вайне ва Украіне".
Ігар Казмерчак, аршанскі праваабааронца і рэдактар сайта orsha.eu
"Я ведаў, што гэта будзе, бо следчая, якая займалася маёй справай на пачатку, казала, што будзе падаваць мяне ў міждзяржаўны вышук, таму окей. Цяпер я ні ў Беларусь, ні ў Расію не ўязджаю".
Марыя Тарасенка, праваабаронца, актывістка, валанцёрка
"Калі я выехала за межы Беларусі, то я да гэтай навіны стаўлюся вельмі нейтральна. Бо гэта чарговы маразм, які дэманструюць мала таго што ўлады Беларусі, так за імі яшчэ пацягнуліся ўлады Расіі. Гэта такое спалучэнне дзвюх дыктатур, якія аб’ядўналіся ў пераследзе актыўных людзей. Людзей, якія выступаюць супраць гэтых дыктатур, супраць вайны. І таму ім зручна разам ажыццяўляць пераслед сумленных людзей".
Таксама ў расійскі вышук трапіў праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, праваабаронца Зміцер Салаўеў (асуджаны на восем гадоў калоніі завочна), журналіст і правааабаронца Уладзімір Хільмановіч (на якога завялі крымінальную справу "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці").