13.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення скаргі, пададзеныя ў ходзе кампаніі па выбарах дэпутатаў парламента. Пра гэта паведаміў кіраўнік штаба місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах Леанід Анфімаў.

Паведамлялася, што ў суды паступіла толькі шэсць скаргаў, звязаных з выбарчай кампаніяй. Пра гэта распавядаў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валер Калінковіч і дадаў, што беларускія суды змянілі графік працы для "аператыўнага разгляду скаргаў падчас выбарчай кампаніі". 

"Магу адразу сказаць, што вельмі спакойна праходзіць гэтая выбарчая кампанія. Кратна, у разы зменшылася колькасць скаргаў, якія паступаюць. У Вярхоўны суд паступіла ўсяго толькі шэсць заяў. І мы разбіралі дзеля цікавасці падрабязна гэтыя заявы, не зусім абгрунтаваныя, і цалкам заканамерна, што ў задавальненні гэтых заяў было адмоўлена заяўнікам".

Анфімаў адзначыў, што ў Генпракуратуру Беларусі паступіла ўсяго дзве заявы, але яны былі "больш тэндэнцыйны характар носяць" і ўтрымлівалі ацэнку дзеючага Выбарчага заканадаўства. Паводле яго, ён бы на месцы пракуратуры "і адказваць бы не стаў" на падобныя заявы.

Прэс-служба Вярхоўнага суда піша, што яны ацэньваюць сітуацыю, у якой праходзіць электаральная кампанія, як спакойную і кантраляваную. У гэты ж час "Праваабаронцы за свабодныя выбары" называюць гэта "зачышчаным палітычным кліматам".

Апошнюю справаздачу праваабаронцаў чытайце тут:

Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Беларусі адхілілі ўсе скаргі ў сувязі з выбарамі*