08.02.2024 Тэгі: ЕС-Беларусь, рэпрэсіі, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў Еўрапейскі парламент прыняў тэрміновую рэзалюцыю па Беларусі, нагодай для якой сталі масавыя рэпрэсіі 23-24 студзеня, ціск на палітвязняў і іх сваякоў, а таксама "справа аналітыкаў". Еўрадэпутаты рашуча асудзілі нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі і заклікалі нелегітымны рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, асабліва любы гендарны пераслед, і нагадаў рэжыму аб яго міжнародных абавязках. Акрамя гэтага, ён заклікае да неадкладнага безумоўнага вызвалення і кампенсацыі ўсім больш як 1400 палітычным зняволеным, а таксама членам іх сем’яў і адвольна затрыманым асобам, адначасова аднаўляючы іх у поўных правах.
"У студзені 2024 году КДБ правёў рэйды, допыты і затрыманні супраць больш як 200 чальцоў сем’яў цяперашніх і былых палітвязняў, а таксама бенефіцыяраў ініцыятывы INeedHelpBY па абвінавачаннях у "экстрэмізме"; паколькі большасць з іх — маці і жонкі палітвязняў, у тым ліку Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, і раней арыштаваная Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка".
Акрамя таго, у рэзалюцыі згадана, што дадатковыя абвінавачанні выстаўленыя завочна супраць 20 палітолагаў, журналістаў і сацыёлагаў, якія атрымалі назву "аналітыкі Ціханоўскай", ім пагражае канфіскацыя маёмасці і пазбаўленне грамадзянства ў выпадку асуджэння.
Зняволеныя рэжымам палітвязні, у тым ліку лідары палітычных партый Мікалай Казлоў, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец знаходзяцца ў ізаляцыі, зазнаюць катаванні, ім адмаўляюць у медыцынскай дапамозе і накіроўваюць на прымусовую працу.
Таксама ў рэзалюцыі ўлічаны і маючы адбыцца 25 лютага адзіны дзень галасавання, да якіх улады не дапусцілі апазіцыйныя сілы, прыняўшы летась закон аб палітычных партыях.
Еўрапейскія дэпутаты паўтарылі сваю пазіцыю адносна адсутнасці празрыстасці, свабоды і справядлівасці напярэдадні парламенцкіх і мясцовых "выбараў" у Беларусі і заклікалі ЕС, яго дзяржавы-сябры і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі.
"Заклікае высокага прадстаўніка і Раду ў адказ увесці больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку супраць тавараў, звязаных з прымусовай працай палітычных зняволеных, больш жорсткія фінансавыя санкцыі і санкцыі супраць асоб, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, у тым ліку сур’ёзныя — службовых асобаў і супрацоўнікаў сілавых структур. Заклікае да далейшага скарачэння дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў ЕС, працягу падтрымкі ахвяраў рэжыму з дапамогай спецыяльных інструментаў, якія дазваляюць ім атрымліваць візы і дазволы на жыхарства ў ЕС і вырашаць выпадкі адсутнасці грамадзянства", — заявілі ў Еўрапарламенце.
Дэпутаты з Еўрапарламента заклікалі таксама Камісію і дзяржавы-члены далей падтрымліваць дакумэнтаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць аналіз Офісам Вярхоўнага камісара ў правах чалавека (OHCHR) сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яго ператварэнне ў цалкам незалежны мэханізм расследавання, падтрымліваць мандат Спецыяльнай камісіі ААН дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі і па далейшай адказнасці праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю;
Еўрапарламент заявіў аб сваёй салідарнасці з народам Беларусі і "аб падтрымцы яго законных памкненняў да дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні і застаецца адданым нястомнай працы з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ на карысць народу Беларусі".
Крыніца: Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю з асуджэннем рэпрэсій у Беларусі