08.02.2024 Тэгі: выбары-2024Перадвыбарчы мітынг у Брэсце ў 2019 годзе. "Тэрытарыяльнае поле для перадвыбарнай агітацыі ў Брэсце прадастаўлена дастаткова шырока", – аптымістычна паведамляе абласная газета "Зара". Месцам правядзення масавых мерапрыемстваў, а гэта значыць сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання ў мэтах ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі вызначаны толькі парк воінаў-інтэрнацыяналістаў у мікрараёне "Усход".

А пад час правядзення мінулых выбараў у 2020 годзе такіх месцаў налічвалася два: у Ленінскім раёне Брэста – пляцоўка каля крамы" Еўраопт "па вуліцы Адамкоўскай, а ў Маскоўскім раёне – алея ля сцэнічнай пляцоўкі парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Калі параўнаць сітуацыю з 2015 года, то месцаў для правядзення перадвыбарчай агітацыі было яшчэ болей. Так, агітацыйныя мітынгі і пікеты ў падтрымку кандыдатаў можна было ладзіць на пляцоўках побач з буйнымі гандлёвымі аб'ектамі, на пешаходнай вуліцы Савецкай, на набярэжнай Францыска Скарыны, стадыёнах фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Лакаматыў" і "Будаўнік", у парку імя Дружбы народаў.

Таксама сітуацыя ад выбараў да выбараў у горадзе над Бугам пагаршаецца і з памяшканнямі для сустрэч з выбаршчыкамі.

Так, у гэтым годзе для сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб у памяшканнях вызначаны шэраг месцаў: у Ленінскім раёне – Дом культуры чыгуначнікаў, а таксама некаторыя ўстановы адукацыі, у Маскоўскім раёне – Брэсцкі абласны Палац культуры прафсаюзаў, сярэднія школы, гімназіі.

На мінулых парламенцкіх выбарах такіх месцаў было значна болей.

Для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты на ўчастках для галасавання ў 2024 годзе ў Брэсце дазволена выкарыстоўваць інфармацыйныя стэнды ЖЭСаў, рэкламна-інфармацыйныя тумбы, дошкі і іншыя канструкцыі, прадугледжаныя для размяшчэння рэкламы, дошкі аб'яў, размешчаныя пры ўваходах у пад'езды шматкватэрных жылых дамоў, вітрыны і інфармацыйныя стэнды гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і іншых арганізацый па ўзгадненні з іх кіраўнікамі. Стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў на ўсіх участках для галасавання афармляюцца не пазней чым за 14 дзён да выбараў.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Крыніца: Брэст: тэрытарыяльнае поле для перадвыбарнай агітацыі істотна паменшылася