Вярхоўны суд Чачэнскай Рэспублікі раніцай 19 сакавіка разглядзеў апеляцыйную скаргу на працяг арышту праваабаронцы Аюба Ціціева, паведамляе ПЦ “Мэмарыял”.
У залі суда прысутнічалі праваабаронцы, журналісты, Аюба Ціціева таксама даставілі на паседжанне.
У сваім выступе адвакат Пётр Заікін нагадаў, што пры абранні меры стрымання ў суд быў прадстаўлены рапарт оперупаўнаважанага АМУС па Курчалоеўскаму раёну Чачэнскай Рэспублікі пра тое, што Аюб Ціціеў можа схавацца і тым перашкодзіць устанаўленню ісціны па справе. Але суд не вывучаў рапарт і не даў ацэнкі гэтаму доказу, а іншых пацверджанняў таму, што праваабаронца ў выпадку змянення яму меры стрымання паспрабуе схавацца або аказаць ціск на сведак і іншых удзельнікаў працэсу, акрамя гэтага рапарту, няма. Суд першай інстанцыі ніяк не ацаніў хадайніцтва аб абранні меры стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства кандыдатаў у прэзідэнты РФ Рыгора Яўлінскага і Ксеніі Сабчак. Адвакат папрасіў суд адмяніць пастанову аб прадаўжэнні меры стрымання.
Адвакат Марына Дубровіна дадала, што суд першай інстанцыі спаслаўся на цяжар інкрымінуемага Аюбу Ціціеву злачынства. Аднак мера стрымання - мера забеспячальная, а не карная, сам па сабе цяжар абвінавачвання не з'яўляецца падставай для ўтрымання пад вартай. Яна таксама прасіла суд адмяніць пастанову аб працягу утрымання пад вартай.
У адказ дзяржабвінаваўца заявіў, што лічыць пастанову Старапрамыслоўскага раённага суда законным і абгрунтаваным, папрасіў адмовіць у задавальненні апеляцыйнай скаргі.
Затым судом быў даследаваны рапарт старшага оперупаўнаважанага АМВД Манджыкава начальніку Курчалоеўскага РАУС Агуеву. У ім Манджыкаў паказаў, што Аюб Ціціеў можа схавацца ад следства. Адвакаты адзначылі, што ніякіх пацверджанняў гэтай заяве супрацоўнік паліцыі ў рапарце не прывёў.
У ходзе спрэчак адвакат Пётр Заікін адзначыў, што, на яго думку, органы папярэдняга следства хочуць утрымаць праваабронцу пад арыштам, каб дамагчыся яго самаагавору, і прасіў адмяніць ўтрыманне пад вартай у якасці меры стрымання.
Адвакат Марына Дубровіна заявіла, што арышт Аюба Ціціева палітычна матываваны - у парушэнне арт. 18 Еўрапейскай канвенцыі улады рэгіёну спрабуюць перашкодзіць яго праваабарончай дзейнасці. Яна прасіла замяніць меру стрымання на даручальніцтва К. Сабчак і Р. Яўлінскага.
Суддзя ж пакінуў пастанову Старапрамыслоўскага раённага суда г. Грознага без зменаў, а апеляцыйную скаргу адвакатаў - без задавальнення.
Нагадаем, 6 сакавіка 2018 года Старапрамыслоўскі раённы суд г. Грознага падоўжыў дзеянне меры стрымання ў дачыненні да кіраўніка грозненскага прадстаўніцтва ПЦ "Мемарыял" Аюба Ціціева на два месяцы - да 9 мая 2018 года. Аюба Ціціева абаранялі адвакаты Пётр Заікін і Марына Дубровіна. У зале пасяджэння прысутнічалі кандыдат у прэзідэнты РФ Рыгор Яўлінскі, былы галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў, член СПЧ пры прэзідэнце Леанід Нікіцінскі, кіраўнік праграмы «Гарачыя кропкі» ПЦ "Мемарыял" Алег Арлоў, старшыня камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» Святлана Ганушкіна, журналісты.
9 студзеня машыну Аюба Ціціева спынілі людзі ў форме супрацоўнікаў дарожнай інспекцыі. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь. Праз некалькі гадзін выявіць Ціціева ў Курчалоеўскім РАУС атрымалася члену СПЧ пры кіраўніку Чачні Хедзе Саратавай.
МУС Чачні пацвердзіла, што затрыманне Аюба Ціціева звязана са справай, распачатай на падставе артыкула «захоўванне наркотыкаў», толькі праз шэсць з лішнім гадзін пасля затрымання.
Інкрымінаваны чачэнскімі сілавікамі 60-гадоваму Ціціеву артыкул - практыкуемы спосаб барацьбы з непажаданымі ў Чачні журналістамі, грамадскімі дзеячамі і праваабаронцамі.
Праваабаронцы Беларусі 7 лютага звярнуліся да прэзідэнта РФ з пратэстам супраць арышту Аюба Ціціева, а Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў яго палітвязнем.
Крыніца: Апеляцыйная скарга на меру стрымання Аюба Ціціева адхіленая