05.02.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY павдамляе, што ў Магілёве сфармавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі. З больш як 7 тысяч заявак не ўхвалілі толькі 49, усе камісіі – ананімныя.
У Магілёўскай вобласці ўтварылі ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія і будуць шмат у чым адказныя за "вынікі галасавання" 25 лютага 2024 года. Усяго такіх выбаркамаў утварылі 693, куды ўвайшлі 7 280 чалавек.
Што незвычайна, дык гэта вельмі малы адсотак адмоваў – агулам дакументы, каб трапіць у склад УВК падалі, як сцвярджае Цэнтрвыбаркам, 7 329 чалавек. Гэта значыць, у склад камісіяў не прайшло ўсяго 49 чалавек. Не дапусцілі 22 чалавекі, што вылучаліся шляхам падачы заяў грамадзян. Яшчэ не зарэгістравалі 20 чалавек, якія вылучаліся ад БРСМ, чатыры ад "працоўных калектываў", 2 ад "Беларускага Фонду міру" і адзін – ад ФПБ.
Даведацца, хто менавіта трапіў у склад УВК не ўяўляецца магчымым – улады апублікавалі спісы невідзімак, дзе паказваецца, як вылучаўся чалавек, але не пазначаныя ні яго прозвішча, ні яго ініцыялы, ні месца яго працы (гэта значыць чалавека можа нават не існаваць – але мы пра гэта нават не даведаемся).
З адметнага варта адзначыць стоадсоткавы вынік палітычных партый – у склад УВК уключылі ўсіх ахвотных (353 ад партыі "Белая Русь", 96 ад камуністаў, 67 ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 57 – ад Партыі працы і справядлівасці; усяго – 567 чалавек).