03.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Абласная выбарчая камісія афіцыйна заявіла, што па 60 акругах выбараў у Гарадзенскі абласны савет зарэгістраваны ўсяго 121 кандыдат.
Пры падрыхтоўцы да кампаніі ўлады выявілі амаль дакладны матэматычны разлік – за выняткам адной ці двух акругаў, дзе было па тры фігуранты, на ўсіх астатніх – роўна па два кандыдаты, піша "Гарадзенская прааабарона".
Першапачаткова ў спісе было 122 прэтэндэнты, аднак аднаго чалавека ўсё ж не зарэгістравалі кандыдатам. Інфармацыі каго менавіта "знялі з прабегу" пакуль няма.
Амаль па ўсіх акругах лёгка пралічваецца хто менавіта стане "дэпутатам", а хто проста грае ролю статыста і спарынг-партнёра. Хіба ж можа, прыкладам, па трэцяй выбарчай акрузе начальнік Ваўкавыскай ветэрынарнай станцыі Павел Лойка скласці канкурэнцыю намесніку пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэю Скурату?
Па Універсітэцкай выбарчай акрузе №15 ідзе дырэктарка адкрытага акцыянернага таварыства «Молочный мир» Марына Анікеева, яе дублёрша – сціплая загадчыца дзіцячага садку Ларыса Васюкевіч. Яшчэ адна загадчыца іншага дзіцячага садку – Аксана Гаўрон страхуе па Дзяржынскай выбарчай акрузе №19 набліжаную да верхніх эшалонаў улады рэктарку Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы – Ірыну Кітурку. Па Шчучынскай выбарчай акрузе №57 цяперашняя кіраўніца абласнога савету Алена Пасюта выразна дамінуе над Вольгай Стэфановіч, спецыялісткай па сацыяльнай працы. Падобны выразны расклад амаль па ўсіх акругах.
Усяго ў спісе кандытаў фігуруе 58 прадстаўнікоў "Белай Русі", 29 сябраў Камуністычнай Партыі Беларусі і 2 прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Астатнія кандыдаты пазначаны як беспартыйныя.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Кандытаты ў Гарадзенскі абласны савет: "На першы-другі, разлічыся!"