У нядзелю, 18 сакавіка ў Брэсце на плошчы Леніна адбылася чарговая акцыя, у якой прынялі ўдзел больш за 150 чалавек.
Акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якую берасцейцы скончылі спевамі песняй “Жыць”, прайшла мірна.
Праваабаронцам стала вядома пра спробу затрымання аднаго з актывістаў - сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава. Падчас мірнай акцыі ён размаўляў з людзьмі, вёў прамую трансляцыю.
Пасля заканчэння схода з плошчы ўслед за Аляксандрам Кабанавым пайшлі двое супрацоўнікаў АМАПу.
Аляксандр Кабанаў распавядае Радыё Рацыя:
- За мной два “хвасты” прывязаліся. Пад’ехала машына з АМАПаўцамі. Мяне ўжо чакалі. Але дзіўна, што калі я ўключыў на фэйсбуку прамы эфір, яны ад мяне адчапіліся. Пад’ехалі яшчэ жыхары Берасця – мужчына і жанчына. Яны папярэдзілі, што за мной ідуць людзі, што пад’ехалі АМАПаўцы, і прапанавалі правесці мяне дадому.
Нагадаем, што напрыканцы 2017 года ў Беларусі распачаўся экалагічны канфлікт: у Брэсце мясцовае насельніцтва актыўна выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Прычына - небяспека, якую ўтойваюць у сябе іх выкіды ў паветра.
Крыніца: У Беларусі без пераменаў: мірны сход завяршыўся спробамі затрымання