02.02.2024 Тэгі: рэпрэсіі, салідарнасць, экстрэмізм Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у выніку "хапуна" 23-24 студзеня, падчас якога затрымалі больш за 200 чалавек па ўсёй Беларусі, некалькі чалавек асудзілі паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.
Праваабаронца мяркуе, што хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія скарысталіся дапамогай у рамках ініцыятывы падтрымкі сем'яў палітвязняў.
"Гэта адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў, а менавіта незаконнай мэты расходавання сродкаў падтрымкі для "ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". У дадзеным выпадку гэта з'яўляецца перадумовай для пераследу.
Дарэчы, палітыка Беларусі ў галіне рэгулявання замежнай і міжнароднай дапамогі неаднаразова была прадметам крытычнай ацэнкі праваабаронцаў і міжнародных арганізацый, паколькі яна замахвалася на многія неад'емныя правы і свабоды, напрыклад, на свабоду асацыяцый і свабоду меркаванняў і іх выказвання".
Калі Вас прыцягвалі да адказнасці паводле ч. 2 арт. 24.15КаАП ці Вам вядомы падрабязнасці пераследу паводле гэтага артыкула, паведамце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo.
"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў