29.01.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Супрацоўніка "Нафтана" арыштавалі за "экстрэмісцкую" песню ў сацсетках
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 12 снежня за падпіску на "экстрэмісцкую" песню ў сацыяльнай сетцы вынесла пастанову аб арышце на 15 сутак работніка ААТ "Нафтан" Яўгена Міхайлоўскага, паведаміла "Віцебская Вясна".
У судовым пасяджэнні Яўген віну прызнаў і звярнуў увагу на тое, што ён сапраўды размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" відэаролік Ігара Палынскага з назвай "Sumarok - 2020" і не ведаў пра тое, песня была напісана пасля затрыманняў на адным з нядзельных маршаў.
Таксама мужчына не быў у курсе, што кліп уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
За "экстрэмізм" аштрафавалі інжынерку "Нафтана"
Як паведаміла "Віцебская Вясна", суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 14 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на пяць "экстрэмісцкіх" інфармацыйных рэсурсаў пакарала штрафам у памеры 740 рублёў інжынерку па каштарыснай працы ААТ "Нафтан" Марыю Ганчук.
У судовым пасяджэнні стала вядома, што Марыя на сваёй старонцы ў "Instagram" мела спасылкі на публікацыі каналаў: "SYMBAL.BY", "Радыё Свабода – Беларусь", "Belsat", "Наша Ніва" і "NEXTA".
Супрацоўнікі міліцыі пайшлі па кватэрах актывістаў у Мінску
Крыніцы "Белсат" паведамілі 28 студзеня, што прыходзяць нават да тых, хто не ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года. Ім "прапаноўваюць" падпісаць папярэджанне аб забароне парушэння грамадскага парадку.
ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з беларусам, які нібыта зрабіў 37 данатаў
Мужчына на відэа ад 28 студзеня "прызнаецца" ў тым, што нібыта "зрабіў каля 37 данатаў на агульную суму 350 з нечым еўра і 30 долараў". За гэта затрыманага прымусілі "зрабіць ахвяраванне" на суму ў 3850 (рублёў ці долараў — не паведамляецца).
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 27-29 студзеня