26.01.2024 Тэгі: выбары-2024Ілюстрацыйнае фота svaboda.org Згодна з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў* дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года, зацверджаным Цэнтральнай выбарчай камісіяй, утварэнне ўчастковых выбарчых камісій павінна адбыцца не пазней за 25 студзеня. Выконваюць функцыі па стварэнні ўчастковых камісій раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі. Але па стане на 26 студзеня, аналізуючы сайты выканаўчых камітэтаў Міншчыны, незразумела, ці ўтварылі ўчастковыя камісіі ў некаторых месцах наогул. Нагадаем, згодна арт. 13 Выбарчага кодэксу электаральны працэс мусіць адбывацца "адкрыта і галосна".

Напрыклад, на сайце Смалявіцкага раённага выканкаму вісіць паведамленне аб тым, што пасяджэнне па пытанні "Аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій" адбылося 23 студзеня. Апублікавана і само рашэнне выканкаму, у якім пазначаны назвы камісій, колькасць членаў, склад камісіі згодна з шляхам вылучэння, адрас камісіі. Сярод вылучаных – прадстаўнікі партый "Белая Русь" і КПБ, грамадскіх аб’яднанняў "Белая Русь", БРСМ, Беларускі фонд міру, Беларускі саюз жанчын, ветэранаў, афіцыйных прафсаюзаў, а таксама тыя, хто быў вылучаны ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам падачы заяў. Агулам створана 31 камісія ў складзе 307 членаў. Хто менавіта абраны ў склад камісій выбаршчык можа даведацца толькі тады, калі прыйдзе на ўчастак: персанальныя дадзеныя членаў не апублікаваныя.

Але нават такая вельмі сціслая інфармацыя аб выбарах падаецца далёка не ўсімі суб’ектамі, хто па змоўчванні павінны адказваць за выкананне крытэрыяў "адкрытасці і галоснасці" згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу. 

Вілейка, Валожын і Маладзечна: таемныя ўтварэнні ўчастковых камісій

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" паглядзелі, як утвараюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі ў Вілейцы, Валожыне і Маладзечне, і як гэта (не)асвятляецца на афіцыйных сайтах райвыканкамаў.

На сайце Дзяржынскага райвыканкаму паведамляецца аб часе і месцы прыёму дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК, але ці завершаны гэты працэс на пасяджэнні дзяржаўнага органа – не паведамляецца. Публікаваць паведамленні аб утварэнні УВК згодна з заканадаўствам можна цягам сямі дзён ад дня прыняцця рашэння, але ж гаворка тут ідзе менавіта пра рашэнні выканкамаў. А не аб звестках аб тым, калі і дзе мусяць адбыцца пасяджэнні, на якіх тыя рашэнні прымаюцца. Публікацыя такіх дадзеных – абавязак дзяржаўных органаў адпаведна крытэрыям адкрытасці і галоснасці, зафіксаванымі ў Выбарчым кодэксе.

Такая ж самая сітуацыя на сайце Клецкага райвыканкаму: дакументы на вылучэнне ў камісіі прынялі і на гэтым усё скончылася. Нічым не лепш і на сайце Лагойскага райвыканкаму: няма ніякіх абвестках калі і дзе адбылося пасяджэнне па ўтварэнні УВК, затое рашэнне ад 9 студзеня № 11 аб утварэнні ўчасткаў для галасавання прадубляванае двойчы. Ці то гэта тэхнічная памылка, ці то простае жаданне рэдактараў запоўніць рубрыку "Адзіны дзень галасавання".

Сайт Мінскага раённага выканаўчага камітэту – на ім няма нават інфармацыі аб часе і месцы прыёму дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК. Можа іх увогуле не ўтварылі? Гэта, мабыць, выбаршчык зможа даведацца толькі тады, калі прыйдзе на ўчастак. Як і прозвішчы членаў камісій, калі яны ўсё ж утвораныя за кулісамі выбарчага працэсу. 

На сайце Барысаўскага райвыканкаму інфармацыя аб утварэнні ўчасткаў для галасавання апублікавана, інфармацыя аб часе і месцы прыёму дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК – таксама, але ніякіх паведамленняў аб тым, ці завершаны гэты важны этап выбарчай кампаніі ўтварэннем камісій няма. Ні ў выглядзе рашэння выканкаму, на публікацыю якога па законе яшчэ ёсць не больш за шэсць дзён, ні ў выглядзе паведамлення аб маючым адбыцца пасяджэнні па ўтварэнні УВК. На публікацыю якога ўсе часовыя ліміты скончыліся.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

"Адпаведнасць стандартам ужо немагчымая". Расказваем пра ўтварэнне ўчастковых камісій на выбарах*

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, чым важны гэты этап, якія патрабаванні высоўваюць міжнародныя стандарты і якія праблемы існуюць у Беларусі на гэтым этапе.

Крыніца: Без лішніх публікацый. Як утвараюць участковыя выбаркамы на Міншчыне