26.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрымалі мужчыну, які нібыта пагражаў фізічнай расправай міліцыянту

Паведамляецца, што 39-гадовы майстар вытворчага навучання сталічнага каледжа ў адным з «дэструктыўных telegram-чатаў» апублікаваў пагрозы фізічнай расправы на адрас супрацоўніка Савецкага РУУС Мінска.

Супраць мінчука распачалі крымінальную справу за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за заклікі да радыкалізацыі пратэстаў

«Пакаяльнае відэа» з ім апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы таксама «падтрымліваў сувязь з экстрэмісцкім фармаваннем», таму яму пагражае два артыкулы крымінальнага кодэксу.

Супраць былой палітзняволенай распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню»

У пракуратуры заявілі, што жанчына ў 2021 годзе была асуджаная на 2,5 года калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля таго, як адбыла свой тэрмін, яна з'ехала з Беларусі і дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» аб абставінах яе затрымання, асуджэння і ўмовах адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі.

Жанчыне інкрымінуюць аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ). Адзначаецца, што фігурантка справы знаходзіцца за мяжой.

Мяркуючы па апісанні, верагодна, гаворка ідзе пра былую палітзняволеную Ганну Вішняк.

Крыніца: Затрыманні нібыта за пагрозы і заклікі да "радыкалізацыі пратэстаў": хроніка пераследу 26 студзеня