26.01.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, аналітыка, умовы ўтрымання, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі за мінулы тыдзень былі прызнаныя 12 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1419 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю пяць палітвязняў: Дзяніс Хазей, Аляксандр Лучыновіч, Ігар Фёдараў, Уладзіслаў Цімашчук, Аляксандр Бакуновіч.

Таксама праваабаронцам стала вядома пра прысуд палітвязняволенай Ксеніі Рыжык — два з паловай гады "хатняй хіміі".

Прысуд музыкам TOR BAND пакінулі без зменаў. Іх перавялі у калоніі

музыкі беларускага гурта

Вярхоўны суд 5 студзеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band", чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення. Пра гэта паведамілі ў сюжэце па "Беларусь 4".

Нагадаем, у Гомелі ў кастрычніку агучылі па справе гурта: "Tor Band": Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім узмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў калонію і адразу змясцілі ў ШІЗА 

Зміцер і Наста Дашкевічы

Наста Дашкевіч у сваім фэйсбуку напісала пра апошнія навіны пра мужа:

"Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у шыза, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па восем разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сугрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбоя…

…Я не ведаю, як даваць рады з усімі побытавымі пытаннямі і чатырмя дзецьмі без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады з кружкамамі і баршчамі, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холада ў навасадаўскай камеры? Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе..."

Справу палітзняволенай Святланы Кароль перадалі ў пракуратуру 

Святлана — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, старшыня абласнога грамадскага аб'яднання "ВелаГомель". У 2020 годзе жанчына далучылася да Гомельскай Каардынацыйнай Рады. Дома на Святлану чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.

Жанчыну затрымалі напрыканцы верасня ў Гомелі. Святлану абвінавачваюць у "паклёпе на Лукашэнку" (арт. 367 КК), а таксама ў "распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле" (арт. 130 КК).

Як паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, крымінальную справу Святланы перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Прысуд рэдактару "Рэгіянальнай газеты" Аляксандру Манцэвічу пакінулі без зменаў

Аляксандр Манцэвіч. Фота: Радыё Свабода

Мінскі абласны суд 23 студзеня разглядзеў апеляцыйную скаргу журналіста. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

Нагадаем, у судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада Манцэвічу прызначылі чатыры гады калоніі, а таксама штраф у памеры 14 800 рублёў. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК.

Паводле следства, Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта "распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады".

У Ваўкавыску палітвязня асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Вадзім Гусеў са Шчучына адбываў тэрмін ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле арт. 328 КК, дзе яму замянілі пакаранне з абмежавання волі на пазбаўленне волі.

У ліпені 2023 года ў Шчучыне над Вадзімам адбыўся суд паводле арт. 369 КК. Згодна з абвінавачваннем, будучы ў ПУАТ, ён напісаў "абразлівыя" каментары пра прадстаўнікоў улады, за што яго асудзілі на адзін год і тры месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Цяпер стала вядома, што 22 студзеня ў Ваўкавыску адбыўся чарговы суд над палітвязнем. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядзеў суддзя Мікалай Сяргейка. Вынік пакуль невядомы.

Палітвязня Рыгора Кастусёва перавялі ў гродзенскую турму 

Рыгор Кастусёў.

Нагадаем, у судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Сяргея Кухацкавальца, старшыню Партыі БНФ перавялі ў гродзенскую турму № 1. Пра гэта паведаміў ягоны зяць Дзмітрый Антончык.

Рыгора затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе паводле арт. 357 КК "змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Пазней яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў.

У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Працоўная група ААН прызнала парушэнні правоў палітзняволенага адваката Віталя Брагінца 

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) разгледзела справу палітзняволенага адваката Віталя Брагінца і прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла яго правы. Скаргу ў ПГАЗ падрыхтавалі юрысты праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill і Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека.

ПГАЗ прызнала, што пазбаўленне Брагінца свабоды заснавана на дыскрымінацыі па палітычных поглядах і яго статусе "адваката апазіцыі", паколькі ён абараняў кліентаў у палітычна матываваных судах. Адвольным затрыманне адваката робіць і тое, што ён быў арыштаваны за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў.

Акрамя таго, было груба парушанае права адваката на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла правы Віталя Брагінца

ПГАЗ прызнала, што пазбаўленне Брагінца свабоды заснавана на дыскрымінацыі па палітычных поглядах і яго статусе "адваката апазіцыі", паколькі ён абараняў кліентаў у палітычна матываваных судах.

Як мінімум 160 чалавек трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў 

Затрыманне каля Пушкінскай 15 лістапада. Фота

Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне.

Паводле "Вясны", пад пераслед трапілі сама меней 160 чалавек. Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. Але на волю выйшлі не ўсе — cупраць часткі з іх распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Некаторых судзяць па адміністрацыйных справах.

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы "INeedHelpBY", якую днямі ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Для дапамогі ініцыятыва выкарыстоўвала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад "Гіппа" і "Еўраопта". Праз іх можна анлайн замовіць дастаўку з крамы і аплаціць або на сайце, або пры атрыманні прадуктаў.

"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў

"Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра масавы пераслед родных палітзняволеных, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе рэйд КДБ і нагадвае пра важныя меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследа.

Крыніца: Агляд навінаў пра палітвязняў з 15 па 26 студзеня