25.01.2024 Тэгі: катаванні, рэпрэсіі, гісторыі вязняў 17-гадовага магілеўчаніна Дзмітрыя Сіліна затрымалі ў канцы снежня 2022 года на занятках у музычным каледжы. Супрацоўнікі ГУБАЗіК зарэгістравалі яго ў чат-боце плана "Перамога", а хлопца зрабілі падазраваным у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК). Дзмітрый правёў Новы Год у ізалятары, але першага студзеня яго адпусцілі. Пасля чарговага выкліку на допыт у Следчы камітэт хлопец не стаў чакаць затрымання і з’ехаў з Беларусі.

Дзмітрый распавёў "Вясне", як адміністрацыя каледжа зарабляе на студэнтах, пра прымусовыя падпіскі на прапагандысцкую газету, як ГУБАЗіК прымусіў яго прысядаць 250 разоў і пагражаў расправаю, а таксама як у каледж паступіў загад аб яго адлічэнні.

Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org
Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org

Восенню 2020 года ў самы разгар пратэстаў Дзмітрый пачаў вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па класе баяна. Хлопец быў актыўным і паспяховым вучнем, праяўляў актыўнасць і хутка стаў старастам групы. Ад пачатку навучання ён адкрыта выказваў нязгоду з паборамі адміністрацыі і навязваннем дзяржаўнай ідэалогіі ў культурніцкай установе.

Дзмітрый распавядае, як сутыкаўся з прымусовымі абсурднымі дзеяннямі адміністрацыі каледжа. Напрыклад, навучэнцаў прымушалі падпісвацца на прапагандысцкую газету, якой навучэнцы не цікавіліся.

"На газету трэба было скідвацца па некалькі рублёў. А стыпендыя і так, мякка кажучы, не вельмі вялікая. Лепш бы студэнты купілі сабе на гэтыя грошы марозіва".

Таксама па словах хлопца адміністрацыя імкнулася зарабіць на студэнтах.

"У нас, як і ва ўсіх іншых музычных навучальных установах, перыядычна ладзіліся справаздачныя канцэрты розных аддзяленняў. А кіраўніцтва каледжа прымушала студэнтаў, якія не ўдзельнічалі ў канцэртах, набываць на іх квіткі і наведваць выступы".

Завуч каледжа, які пазней атрымаў пасаду начальніка аддзела культуры па Магілёўскай вобласці, імкнуўся выслужыцца і ладзіў шматлікія канцэрты. А высокі ўзровень падрыхтоўкі да выступу часта не адпавядаў нагодзе для канцэрту, распавядае Дзмітрый. 

"Напрыклад, аднойчы ў нас быў канцэрт з нагоды “70-годдзя паліклінікі”. Нярэдка здаралася так, што выкладчыкі сядзелі без навучэнцаў, бо тыя ў вучэбны час выступалі на дні народзінаў паліклінікі".

"Мы прыйшлі з-за тваёй актыўнасці"

Па Дзмітрыя прыйшлі 28 снежня 2022 года. Пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіК затрымалі хлопца падчас заняткаў у каледжы.

"Я быў выдатнікам, старастам групы, нямала зрабіў для каледжа. Але калі прыйшлі мяне затрымліваць, намеснік па выхаваўчай працы нават вокам не павёў. Проста здаў мяне сілавікам".

Спачатку хлопца павялі ў кабінет да намесніка дырэктара па выхаваўчай працы, дзе ў Дзімтрыя адразу забралі ягоны тэлефон.

"Прыпірацца не было сэнсу. Сілавікі знайшлі ў мяне ў Тэлеграме падпіскі на "экстрэмісцкія" смі".

У якасці пакарання 250 прысяданняў              

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК павезлі Дзмітрыя ў аддзяленне КДБ. Там сілавікі кпілі з яго даўгіх валасоў, называлі змагаром і пагражалі расправаю.

"На парозе ляжаў бел-чырвона-белы сцяг, па якім супрацоўнікі прымушалі прайсці. А на сцяне разам з чырвона-зялёным сцягам вісеў расейскі трыкалор".

У канцы допыту Дзмітрыя прымусілі зрабіць 250 прысяданняў. Як сказалі сілавкі, “у якасці пакарання”. Пасля прысяданняў у яго ўзялі адбіткі пальцаў, якія атрымаліся вельмі нізкай якасці.

"Ва ўсіх, хто пасля бачыў гэтыя адбіткі, была проста "рука-ліцо". А супрацоўнкіі РАУС, куды мяне прывязлі пазней, вельмі здзіўляліся, што можна настолькі няякасна адкатаць пальцы," – кажа Дзмітрый.

Бацькам Дзмітрыя пра затрыманне сына паведаміў сілавік, калі тыя патэлефанавалі сыну. 

"Супрацоўнік сказаў толькі: "Вашага сына затрымалі". Больш бацькі нічога пра мяне ведалі".

Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org
Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org

У дакументах было прозвішча іншага чалавека

У той жа дзень у міжраённым аддзеле Следчага камітэта па Магілёве ў Дзмітрыя быў чарговы допыт. Пасля яго следчая Юлія Глоба аддала хлопцу паперы на подпіс. На першай старонцы было яго прозвішча, а на другой – зусім іншага чалавека, распавядае Дзмітрый.

"Я указаў следчай на памылку і яна яе выправіла як нічога ніякага. Мяркую, што ўсе гэтыя справы яны заводзяць як пад капірку," – кажа хлопец.

Ва ўсіх установах, куды перамяшчалі Дзмітрыя пасля затрымання, сілавікі размаўлялі лаянкай.

"Следчая Юлія звярталася да мяне на нармалёвай мове, але са сваімі калегамі гаварыла мацюкамі. Бл*ць і на*уй  для іх проста словы-звязкі".

Сілавік, які ў гэты час корпаўся ў тэлефоне хлопца, знайшоў там прыкладанне "Новая Беларусь".

"Навошта табе гэтая новая Беларусь? Табе што, старая не падабаецца?" – адрэагаваў ён.

"Пасмяяліся з "пакаяльнага" відэа"

Супрацоўнікі КДБ, якія суправаджалі Дзмітрыя ў Следчы камітэт, загадалі яму запісаць пакаяльнае відэа.

"Запісалі яго недзе з трэцяга разу. Я не стаў прыпірацца, бо ведаў пра катаванні і не хацеў іх пазнаць на ўласным досведзе. Па вызваленні мы з аднагрупнікам паглядзелі гэтае відэа і пасмяяліся. Бо гэта поўны абсурд".

Хлопец кажа, што не разлічваў, што яму давядзецца сядзець у турме, але быў да гэтага гатовы.

"17 гадоў, а ўжо экстрэміст"

Вечарам таго ж дня Дзмітрыя перавялі ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён прабыў у адзіночнай камеры трое сутак.

"Хоць я і экстраверт і люблю камунікаваць з людзьмі, але адносна спакойна вытрымаў гэтыя дні ў адзіночным зняволенні. Быў час пабыць сам насам са сваімі думкамі. Сам сабе здзіўляўся, што ў 17 гадоў мяне ўжо запісалі ў экстрэмісты".

Дзмітрый неахвотна кажа, што нягледзячы на малы ўзрост, з боку сілавікоў было рукапрыкладства і маральныя прыніжэнні.

"Пастаянна крычалі, каб апускаў галаву ніжэй падчас канваявання. Кайданкі зашпільвалі ззаду, як экстрэмісту. Ад сілавікоў сыпаліся бясконцыя абразы. Я ўжо не памятаю, што яны казалі, для мяне гэта быў пусты звон. Увогуле, як калхознік можа абразіць чалавека з культурнай сферы?".

На трэція суткі, першага студзеня 2023 года, Дзмітрыя вызвалілі з ізалятара, не папярэдзіўшы загадзя бацькоў. Адзін з супрацоўнікаў на ўласным аўтамабілі прапанаваў яго адвесці дадамоу.

Зноў допыт і ад’езд

Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org
Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org

Праз дзесяць дзён пасля вызвалення Дзмітрыя зноў выклікалі на допыт у Следчы камітэт, дзе распытвалі пра чат-бот плана “Перамога”.

"Я чакаў, што мне дадуць падпіску аб невыездзе, але гэтага не адбылося".

Хлопец распавядае, што ГУБАЗіК даслаў у каледж паперу, каб адміністрацыя знайшла фармальную нагоду для яго адлічэння.

"Аб гэтым маёй маці паведаміў чалавек з адміністрацыі. Але ў мяне амаль не было пропускаў заняткаў і вучыўся я добра. Таму нагоду знайсці не атрымалася".

У СК Дзмітрыю сказалі, што справу нібы будуць закрываць, але ніякіх адпаведных дакументаў не выдалі. Хлопец вырашыў не выпрабоўваць лёс, атрымаў візу і з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён жыве ў Варшаве і займаецца продажам беларускіх кніг. 

Крыніца: Непоўнагадовым стварыў "экстрэмісцкае фармаванне" і з’ехаў за мяжу. Гісторыя магілёўскага баяніста