24.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Днямі старшыня Цэнтрвыбаркама заявіў, што ў Беларусі найбліжэйшым часам можа быць створана "электаральнае валанцёрства". Так, упершыню плануецца стварэнне такога органа на выбарах як Моладзевы савет. Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка, прааналізаўвашы нарматыўныя акты, адзначае, што пры яго стварэнні Цэнтральная камісія выходзіць за межы сваіх паўнамоцтваў.
Ігар Карпенка так пракаментаваў "электаральнае валанцёрства":
"Мы, Моладзевы савет, у першую чаргу разглядаем як новую прававую форму — можа быць, у бліжэйшы час у нас з'явіцца такі тэрмін, як электаральнае валанцёрства. Мы валанцёраў выкарыстоўваем для аказання садзейнічання людзям з абмежаванымі магчымасцямі [для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата] пры арганізацыі выбарчага працэсу. А ў дадзеным выпадку Моладзевы савет — гэта магчымасць аказаць садзейнічанне Цэнтральнай выбарчай камісіі ў падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Цяпер ён актыўна дапамагае ЦВК, мы актыўна прыцягваем гэтых хлопцаў да тэхнічнай працы, якую яны нам дапамагаюць ажыццяўляць".
Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка так каментуе стварэнне "савета":
"Моладзевы савет пры ЦВК, аб стварэнні якога заявіў Карпенка – годны ўзор імітацыі ўключэння моладзі ў грамадска-палітычнае жыццё. Можна шмат распавядаць пра тое, у што ператварылася палітычнае поле ў Беларусі, гэта інфармацыя шырока вядомая, але можна казаць пра тое, як планамерна разбуралася структура грамадска-палітычных арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку моладзевых, убогай альтэрнатывай якіх уладамі прапануецца "гонга" БРСМ. У таталітарным грамадстве, у адсутнасць рэальных ініцыятыў, якія ідуць знізу, ад выбаршчыкаў і маладых палітыкаў, усё, што створаць улады, ператворыцца ў БРСМ. Або ў праўладны прафсаюз. Або ў іншы трамплін да абоймы адданых уладам шрубак сістэмы".
Павел Сапелка адзначае, што, калі разглядаць гэты орган з пункту гледжання закона, то ЦВК пры яго стварэнні выходзіць за межы прадастаўленых ёй паўнамоцтваў:
"Згодна з Выбарчым кодэксам, больш-менш падыходзіць да сітуацыі права ЦВК ствараць "рабочыя групы і іншыя структуры для арганізацыйнага, прававога і тэхнічнага забеспячэння выбараў і рэферэндуму". Аднак у адпаведнай пастанове ЦВК (ад 22.08.2023 № 10), якой зацверджана Палажэнне аб маладзёжным савеце пры ЦВК, мэты стварэння і паўнамоцтвы гэтага органа – наогул не арганізацыйна-тэхнічныя, а інфармаванне моладзі аб выбарчым праве, выбарчых тэхналогіях і электаральным суверэнітэце; стварэнне ўмоваў для ўключэння моладзі ў сацыяльна-эканамічную, палітычную, электаральную сферы жыцця грамадства; выяўленне і падтрымка маладых людзей, якія валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі, лідарскімі якасцямі".
Праваабаронца падсумоўвае:
"Апошняе – відавочна для падбору свежых кадраў для выбарчых злоўжыванняў".
Члены "савета" абіраюцца не маладзёжнымі арганізацыямі, напрыклад, а Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Ад Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей абіраецца па два члены, ад Гомельскай і Мінскай абласцей – па тры, ад г. Мінска – пяць членаў. Членам маладзёжнага савета можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна. Кандыдатаў ЦВК запытвае ў "абласных і Мінскім гарадскім выканаўчых камітэтах, моладзевых грамадскіх аб'яднаннях", да прапанаваных кандыдатурах прыкладаюцца: "даведка-аб'ектыўка; характарыстыка з месца працы (вучобы) з указаннем звестак аб прафесійных, дзелавых, маральных якасцях, удзеле ў сацыяльна-грамадскім жыцці калектыву, наяўнасці дысцыплінарных спагнанняў..."
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*
Крыніца: "Усё, што створаць улады, ператворыцца ў БРСМ". Праваабаронца – пра "электаральнае валанцёрства"