24.01.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі прайшоў ператрус у палітэмігранта
Валерый Крахмалаў, які пакінуў Беларусь у 2021 годзе пасля рэпрэсій, паведаміў "Флагшток", што 24 сутдзеня ў ягоным доме адбыўся ператрус. Кватэру абшуквала міліцыя, пасля ператрусу яго маці Марыю забралі ў пастарунак.
Былую актывістку стачкама на наваполацкім "Паліміры" Алену Вінакураву затрымалі падчас масавага "хапуна" 23 студзеня
Яе дачка пра затрыманне паведаміла ў фэйсбуку наступнае:
"Затрымана на 72 гадзіны. Адбываць будзе ў ІЧУ Віцебска".
Алену Вінакураву затрымлівалі 27 сакавіка 2021 года нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавалі на 30 базавых велічынь. А зусім нядаўна, 14 снежня 2023-га году, ёй прысудзілі 15 сутак арышта паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а затым дадалі яшчэ 15 сутак.
Жанчына адпрацавала на "Паліміры" больш за 30 гадоў. 24 студзеня ў Алены дзень народзінаў.
Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 сутак
Нагадаем, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча затрымалі 23 студзеня падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 студзеня над ёй адбыўся суд паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Заводскага раёна Мінска прызначыў ёй 15-сутачны арышт.
Затрымалі былую журналістку catholic.bу Аксану Ючкавіч
Як паведаміла "Хрысціянская візія", затрыманне адбылося 23 студзеня.
Аксана Ючкавіч паходзіць з парафіі ў Парафіянаве. Верніца асабліва вядомая сярод каталікоў Мінску, дзе яна арганізоўвала шматлікія падзеі і мерапрыемствы.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 24 студзеня