23.01.2024 Тэгі: ціск, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Журналіст-фрылансер з Маладзечна Яўген Сухаверх ужо двойчы адбыў адміністрацыйны арышт у 2023 годзе за фота з нацыянальнымі сцягамі Беларусі ў сацыяльных сетках. Блогер вядзе аўта-мота блог на сайце Tribuna.com "Гоначная псіхапатыя" і тэлеграм-канал на гэтую ж тэматыку, але вымушаны быў пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі. Яўген распавёў "Вясне" пра свой шлях скрозь рэпрэсіі праз выразы, пачутыя ад сілавікоў — участковага, міліцыянтаў, кэдэбэшнікаў.
"Поверь, это самое легкое, что я могу для тебя сделать"
Увечары 14 верасня 2023 года сілавікі прыйшлі да Яўгена дадому. Прычынай стала яго фота ў «ВКонтакте» з бел-чырвона-белым сцягам з Дня Волі 2019 года. На руках моцна зашпілілі кайданкі. А калі Яўген паскардзіўся на гэта, то ўчастковы міліцыянт Арцём Аляксандравіч Манід сказаў:
"Поверь, это самое легкое, что я могу для тебя сделать".
"Проста потым, аналізуючы гэтыя падзеі, і стаўленне канкрэтна Маніда да канкрэтна мяне, я пабачыў, што ён проста нікуды не дзенецца з гэтай “падводнай лодкі”, ён проста выконвае гэтую працу, але там усе ўчастковыя такія людзі паднявольныя. Адзін з іх потым сказаў: "У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі займацца", — успамінае Яўген. — То бок ім гэта самім не прыемна, але вось яны мусяць... Напрыклад, Манід, я адчуваў, нейкай агрэсіі персанальна да мяне не мае. Проста вось яму трэба было гэтую чорную працу выканаць".
Ужо потым Арцём Манід нават выбачаўся перад маці Яўгена:
"Як мне маці расказвала, ён падыйшоў да яе і сказаў: "Я не думаў, што так усё атрымаецца”".
Участковы прыйшоў да Яўгена разам з трыма ці чатырма сілавікамі (дакладна хлопец не памятае). На ўсіх іх былі апранутыя бронекамізэлькі. Маці Яўгена спытала ў сілавікоў, навошта ім яны:
"Яна як бы з такім ужо сарказмам тыпу: “Прыперліся тут такога сур'ёзнага злачынцу вінціць". Хтосьці з іх адказаў: "Адзін з іх, Зельцэр, аднаго з кэдэбэшнкаў застрэліў. Якога вы сына выхавалі!"
У Яўгена забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок з маніторам і клавіятурай, а таксама мабільны тэлефон і флэшку. Пераапрануцца з хатняй вопраткі яму не далі.
"Я бы его в Жодино или на Окрестина отправил, был бы вшивый змагар"
Яўгена адвезлі ў Маладзечанскі РАУС. Варта адзначыць, што ў хлопца — доўгія валасы. Спачатку ён ляжаў тварам у падлогу ў нейкім памяшканні, таму толькі чуў, як яго цкавалі з-за гэтага:
"Гэта іх была, напэўна, любімая тэма. Таму што кожны з міліцыянтаў, хто звяртаў на гэта ўвагу, намякаў, што ў іх разуменні, "калі ў мужыка даўгія валасы, то ён абавязкова" не такой арыентацыі — не гомасэксуал, калі падабраць карэктнае слова. Такія былі намёкі ва ўсіх. Або такія — адзін нейкі прыходзіў і пабачыў даўгія валасы, і сказаў:"Я бы его в Жодино или на Окрестина отправил, был бы вшивый змагар». Выказаў такое стаўленне, што паколькі я змагар у яго разуменні, я і павінен быць вшывы, бо я супраць іх дзяржавы, супраць іх дзяржаўнага ладу выступаю, таму вось такі я і павінен быць".
А яшчэ Яўгена дапыталі два кэдэбэшнікі, адзін з якіх быў лысы.
"Адзін звярнуў увагу на тое, што я не знаходжуся ні ў якіх рамантычных стасунках, і пажартаваў, у яго разуменні, астравумна… Ён спытаў, ці ёсць у мяне дзяўчына. І калі я адказаў, што не, ён сказаў: "Ооо, кулачок — наш друг"".
"Данный гражданин неоднократно высказывался против действующей власти"
На наступны дзень над Яўгенам правялі суд анлайн. Там прысутнічаў і Манід, але блогер так і не зразумеў, у якой якасці. Манід сказаў суддзі:
"Поступили сведения, что данный гражданин неоднократно высказывался против действующей власти".
"Калі я правільна памятаю, ён спаслаўся на нейкіх суседзяў, што гэта нібы яны данеслі да яго на нас, — кажа Яўген. — Хаця там у нас суседзяў паўтары чалавекі. І наўрад ім надта цікавыя нашыя погляды”.
“Я проста за сябе скажу, што калі ў 1995 годзе (мне было 10 гадоў толькі) быў рэферэндум, калі вярнулі сімволіку гэтую напалову савецкую, ужо тады я ўсё зразумеў сваім дзіцячым мозгам, што ўсё пайшло не туды. Таму, можна сказаць, што з таго часу ў мяне такое стаўленне. Ну і потым быў 1996 год з разгонам Парламенту і абнуленне тэрміну (Лукашэнкі), 2004... Толькі яшчэ раз паказала, што я меў рацыю".
Дарэчы, Манід так і казаў падчас першай сустрэчы з Яўгенам 14 верасня:
"Што напісаць? Што ты тут з 2000-х змагар?"
Суддзя Аляксей Іршын прысудзіў Яўгену 15 сутак паводле артыкула 24.23 КаАП.
"Па тваім артыкуле наогул асобы рэжым" і "Будзем з вамі гімн вучыць"
Старшы змены ў Маладзечанскім ІЧУ сказаў Яўгену:
"Па тваім артыкуле наогул асобы рэжым".
"А гэта значыць, што вывады з камеры толькі ў кайданках, і што тры разы за ноч ты мусіш будзеш падняцца, назваць, хто ты такі, дату нараджэння і артыкул свой, — узгадвае Яўген. — І сказаць напрыканцы, калі ты яшчэ не ведаеш свайго пакарання, то "да суда". А калі ведаеш пакаранне, то кажаш, колькі табе сутак".
У камеры не было матрацаў і пасцельнай бялізны. У такіх ўмовах утрымліваліся ўсе палітычныя.
"Літаральна пару разоў такое было, што да нас прыйшоў адзін малады падпалкоўнік. І ён такі на нас (на мяне і яшчэ аднаго сукамерніка, які быў за палітыку) наезд зрабіў:
"Будем сегодня с вами гимн разучивать", а то вы кшталту распаясаліся і трэба любіць радзіму ў іх разуменні".
"Там у нас человек, который на Донбасе воевал"
Праверкі (гэтак званыя "шмоны") у палітычных былі штодня некалькі разоў на дзень і тры разы на ноч, распавядае блогер.
"Падчас адной з праверак шманаюць, і адзін з калідорных (у асноўных яны былі сяржанцкага, максімум прапарскага звання) кажа: "Вот, надо их подвести к той камере, там у нас человек, который на Донбасе воевал".
Быццам бы мы тут... Відаць, у іх разуменні мы ж абавязкова значыцца за Украіну, а значыць і за нацызм у іх разуменні. І адзін яшчэ кажа: "Там люди воюют против тех, кто наши деревни сжигал, а вы тут на себя свастики накалываете". Хаця ні на ком з нас свастыкі не было, акрамя аднаго чалавека непалітычнага…"
Як кажа Яўген, зняволеныя ў Маладзечанскім ІЧУ дзяліліся на палітычных і непалітычных. Але былі і такія непалітычныя, каго прыраўнялі да палітычных — таму яны ўтрымліваліся ў такіх жа ўмовах. Сярод іх — чалавек са свастыкай на назе.
"Ён трапіўся на нейкім дробным крадзяжы ў краме нейкага сырка ці то пашцету, — тлумачыць Яўген. — І калі яго ўзялі, то пабачылі, што ў яго татуіроўка ў выглядзе свастыкі — па-маладосці набіў. Яго за гэтую свастыку прыраўнялі да палітычных".
Яшчэ да палітычных прыраўноўвалі і тых, хто трапіў па артыкуле 19.11 КаАП — непадпарадкаванне, але звязанае з бытавымі сітуацыямі.
"Захоўвай цішыню падчас выбарчай кампаніі"
Напрыканцы тэрміну Яўгена ізноў прывялі да лысага кэдэбэшніка.
"Яго цікавіла, ці ёсць "з такімі, як у вас, поглядамі, кантакты ў тэлефоне, да якіх варта прыйсці", — тлумачыць Яўген. — Як мяне да яго завялі, ён адразу спытаў у мяне:
"Как сидится?"
Я кажу: "Ну, нармальна".
Ён адказвае: "Ну раз нормально, так может еще посидишь?"
Я адказваю: "Дома все же таки сидеть лучше".
Пытае мяне: "Когда выходишь?"
"В пятницу".
"Вот сейчас мы посмотрим, выйдешь ли ты в пятницу". І пачаў мяне апытваць па кантактах з тэлефона, хто гэты такі, хто гэтая такая, што можаш там пра таго ці пра гэтую сказаць. Вось такога зместу была размова".
"Очень плохо, если те, о ком шла речь, узнают, что о них шла речь", — папярэдзіў напрыканцы лысы кэдэбэшнік.
А яшчэ нешта ўзгадаў пра выбарчую кампанію:
"Я не памятаю, ці ён казаў пра прэзідэнцкую, ці тую, якая будзе ў лютым, але ён узгадаў, каб я захоўваў цішыню падчас яе, каб нідзе не выказваў сваіх думак і нікога да нічога не заклікаў", — кажа Яўген. — Яшчэ ён дадаў: "Может никого и не задержим по этой инфомации". Ён можа паспрабаваў супакоіць. Таму што і я даваў такую інфармацыю, якую яны і так ведаюць, ён дарэчы яшчэ потым сам сказаў: "Я тебе такие вопросы задавал, я сам и так всё знаю, мы тебя проверяли, что ТЫ нам скажешь". Таму я і разумеў, што я правільна рабіў, што я казаў толькі тое, што і так агульнавядомае".
"Ну что, теперь в Польшу не велосипеде поедешь?"
Напрыканцы тэрміну Яўгена адзін падпалкоўнік звярнуўся да яго падчас адной з праверак:
"Ну што, Сухаверх, теперь в Польшу не велосипеде поедешь? Ты же нашу страну не любишь. Наша страна тебе не нравится".
"Натуральна, што я змаўчаў, таму што разумеў, што любое маё слова можа зараз моцна пагоршыць мой стан, — кажа Яўген. — А я хацеў выйсці, таму сказаў: “Не ведаю, што буду рабіць”. Але па-сапраўднаму я б яму сказаў: “Я-то можа і ў Польшчу, і на веліку паеду, але наогул перада мной будзе адкрыты вольны цывілізаваны свет, а перад табой будзе Паўночная Карэя".
"Уся сістэма пабудаваная так, што ты сябе намагаешся апраўдаць, але закопваеш усё болей"
Пасля 15-ці сутак — зноў "вэлкам бэк ту хэлл", як кажа Яўген. 12 кастрычніка 2023 года хлопца прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за фота з бел-чырвона-белымі сцягамі у фэйсбуку — з вулічных акцый жніўня 2020 года ў Маладзечне. Суддзя Алег Лагачоў анлайн і без сведкаў асудзіў яго на 28 сутак. Яўген спрабаваў абараніцца:
"Уся сістэма пабудаваная так, што ты сябе намагаешся апраўдаць, але закопваеш усё болей".
Чаму?
"Фоткі, якія маглі б мяне прывесці да такіх непрыемнасцяў, я павыдаляў у першы ж вечар, як і выйшаў [пасля «сутак»]. Але яны проста раней нарабілі скрыншотаў. І хоць бы я іх выдаліў год таму — яны сёння гэтыя фоткі прад'явяць і скажуць, што знайшлі іх сёння. І ты ніяк не дакажаш адваротнае. А калі паспрабуеш, то, натуральна, заблытаешся ў сваіх паказаннях і закапаеш сябе яшчэ глыбей. Не ведаю, ці штосьці дапамагло з таго, што я намагаўся апраўдацца, бо ў суддзі гэты прысуд быў напісаны яшчэ да таго, як гэты працэс пачаўся. Бо абодва разы (па адманістрацыйных справах) на мяне гэтыя матэрыялы далі КДБ. Таму я думаю, што ў КДБ адразу распарадзілася, колькі мне прысудзіць. І абараняцца неяк, і даказаць сваю невіноўнасць не было ніякага сэнсу".
Як кажа Яўген, другі яго адміністрацыйны тэрмін нічым не адрозніваўся па ўмовах утрымання ад першага:
"Яны ведаюць, што ніхто старонку не перагортваў, што ўсе добра памятаюць 2020-ы год, і што пратэсныя настроі ў грамадстве захоўваюцца. Мы бойку за сваю Беларусь яшчэ не прайгралі, і нам трэба змагацца далей", — адзначае Яўген.
Сілавік на "сутках"
Аднойчы адзін былы сілавік і выкладчык крымінальнага права ў каледжы прывёў сваіх студэнтаў на экскурсію ў Маладзечанскі РАУС, які знаходзіцца побач з ІЧУ, дзе сядзеў Яўген. А па выхадзе адтуль супрацоўнікі РАУС яго паклікалі… і затрымалі. Прычынай сталі фота з адной з беларускіх акцый у Вільні, які той выкладчык неяк зрабіў.