23.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, свабода слова, затрыманні У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-22 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На Сяргея Дубаўца завялі некалькі крымінальных спраў завочна
Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы ў дачыненні да так званага блогера і журналіста экстрэмісцкага фармавання «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца - яму інкрымінавана парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа.
Дзеянні Дубаўца следства кваліфікуе паводле арт. 369-1, ч.1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 арт. 130-2, ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Справу палітзняволенай велаактывісткі перадалі ў пракуратуру
Крымінальная справа супраць пенсіянеркі і былой старшыні грамадскай арганізацыі "ВелаГомель" Святланы Кароль перададзеная ў пракуратуру для санкцыянавання і накіравання ў суд.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.
Магутная атака на акаўнты ў інстаграм і BYSOL
Боты атакавалі скаргамі акаўнт Святланы ЦІханоўскай у Instagram. Як піша лідарка дэмсілаў, тое ж адбылося з акаўнтам "Палітвязынкі".
Часова старонку ініцыятывы па дапамозе палітзняволеным жанчынам давялося зрабіць закрытай, бо 198 скаргаў адначасова — згубная для акаўнта з'ява.
Таксама моцнай кібератацы падвергся сайт BySOL, яе ўдалося адбіць і захаваць усе даныя ў бяспецы.
ГУБАЗіК апублікаваў “пакаяльнае відэа” з аўтаркай блогу “Vёska Life”
На ім затрыманая Ксенія “прызнаецца” ў тым, што мае “нацысцкую татуіроўку” і абяцае яе звесці.
Меркавана, відэа было запісана раней, бо ў сваіх Instagram Stories жанчына сёння публікуе звычайныя кадры з паўсядзённага жыцця.
Як адзначана ў апісанні праекту, «Vёska Life — першая суполка ў Беларусі "вясковых" аматараў аднаўлення і рамонту. Натхняем на куплю хаты ў вёсцы».
Палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў калонию і змясцілі ў ШІЗА
Зміцера Дашкевіча паўгода ўтрымлівалі ў карцары. Нядаўна яго перавялі ў калонію і адразу змясцілі ў ШІЗА
Наста Дашкевіч у сваім фэйсбуку напісала пра апошнія навіны пра мужа:
"Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у шыза, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сугрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбоя…
…Я не ведаю, як даваць рады з усімі побытавымі пытаннямі і 4-мі дзецьмі без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады з кружкамамі і баршчамі, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холада ў навасадаўскай камеры? Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе..."
Падтрымаць Змітра: ПК № 14. 222125, Мінская вобл., Барысаўскі раён, с. н. п. Навасады, вул. Міру, 1А
У "спіс экстрэмістаў" дадалі Святлану Лупач
Імя і прозвішча асуджанай дачкі незалежнага журналіста Змітра Лупача з'явілася ў "Пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" 19 студзеня, піша БАЖ.
У «экстрэмісцкім спісе» пазначана, што Святлану Лупач асудзілі да пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Летась у жніўні праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай.
Зміцер Лупач, які знаходзіцца за мяжой, бо быў вымушаны з'ехаць з Беларусі пасля пагрозы крымінальнай справай, лічыць пераслед сілавікамі сваёй дачкі помстай за сваю прафесійную дзейнасць.