22.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Ленінскага раёна Мінска 20 снежня 2023 года асудзілі Наталлю Ажнову паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Наталлі два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Затрымалі Наталлю 16 лістапада, але ў той жа дзень выпусцілі пад залог памерам 18500 рублёў.
Жыхарку Лагойску абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы новай Беларусі 23 жніўня 2020 года і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Наталля "выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру". Жанчыну апазналі па фотаздымку з інтрнэта і даных мабільнага аператара. Яна цалкам прызнала віну.
Наталля Ажнова мае вышэйшую адукацыю, працуе спецыялістам па продажах.