19.01.2024 Тэгі: скаргі, ААН, свабода слова, экстрэмізм Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне па "справе аб экстрэмізме" супраць гамельчука Паўла Катаржэўскага. У 2017 годзе хлопца асудзілі за рэпост "Вконтакте" з групы "Революционное действие". Аб прынятым рашэнні (справа №3095/2018) апавешчаны праваабаронца Леанід Судаленка, які абараняе права жыхара Гомля на выказванне свайго меркавання.
- Праваабаронца Леанід Судаленка і Павел Катаржэўскі на судзе ў 2017 годзе. Фота: БЕЛАПАН
У 2017 годзе 21-гадовага гамельчука Паўла Катаржэўскага абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" згодна з арт. 19.11 КаАП (на момант вынясення пастановы — арт. 17.11 КаАП). На сваёй старонцы ў сацсетцы "Вконтакте" ён перапосціў матэрыял з групы "Революционное действие" пра школьнікаў, якіх прымушаюць удзельнічаць у патрыятычных мерапрыемствах, а тых, хто адмаўляецца прымушаюць пісаць тлумачальныя з прызнаннем непавагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Рэпост ён зрабіў у лістападзе 2016 года, літаральна праз пару дзён пасля таго, як групу "Революционное действие" ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомля Алеся Осіпава тады прызначыла яму вялікі штраф. Яго патрабаванне аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы распаўсюджанага матэрыялу на прадмет экстрэмізму суд першай інстанцыі, а следам Гомельскі абласны суд, пакінулі без задавальнення.
Як распавядае праваабаронца Леанід Судаленка, у гэтай справе міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што распаўсюджаны артыкул "Ідыятызм ды ілжывы гонар ахвярам вайны ў сталічнай гімназіі" не прайшоў ацэнкі індывідуальнага характару з пункту гледжання абмежавання права аўтара на выказванне свайго меркавання. Камітэт па правах чалавека заявіў, што судовыя рашэнні па справе носяць агульныя фармулёўкі аб барацьбе з экстрэмізмам, аднак не ўтрымліваюць абвінавачванняў індывідуальнага характару, што прама супярэчыць дапушчальным абмежаванням з пункту гледжання артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Леанід Судаленка адзначае, што ў Беларусі вельмі шырока трактуюць і злоўжываюць паняццем "экстрэмізм".
"Любы, хто крытыкуе ў краіне дзейную ўладу залічваецца ў спіс экстрэмістаў. З прынятага ў Жэневе рашэння мы бачым, тое што ў Беларусі лічыцца экстрэмізмам, у Еўропе называюць правам на выказванне меркавання".
Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
Крыніца: КПЧ ААН прыняў рашэнне па "справе аб экстрэмізме" за рэпост "Вконтакте" ў Беларусі