18.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Ленінскага раёна 21 снежня 2023 года асудзілі Віталія Пупіна паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Віталю два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Віталь Пупін. Фота: з сацсетак Віталя
Віталь Пупін. Фота: з сацсетак Віталя

Жыхара Фаніпаля абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы адзінства шостага верасня 2020 года, а таксама ў выхадзе на праезную частку. Яго ўтрымлівалі пад вартай з трэцяга лістапада 2023 года. Мужчына цалкам прызнаў віну.

Віталь мае вышэйшую адукацыю, працаваў начальнікам сектара мытнага дэкларавання ў таварыстве з дадатковай адказнасцю. Мае на ўтрыманні непоўнагадовае дзіця.

Крыніца: Супрацоўніка дзяржаўнай мытні асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы адзінства