18.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што ў Магілёве рэзка скарацілі колькасць месцаў для "перадвыбарнай агітацыі". Магілёўскі гарвыканкам вызначыў месцы для агітацыйных пікетаў, прысвечаных дню галасавання 25 лютага. У гэты дзень у Беларусі выберуць дэпутатаў сельскіх, раённых, гарадскіх і абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў (ніжняй часткі парламента).

У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2019 года, спіс месцаў па-за памяшканнямі, дзе кандыдаты ў дэпутаты ды іх каманды могуць пераконваць магілёўцаў галасаваць, скараціўся. Так, у 2019 годзе ўлады не вылучалі асобных месцаў, а толькі пазначылі спіс забароненых (плошча Славы і плошча Леніна, а таксама не бліжэй чым 50 метраў ад судоў, пракуратур, выканкамаў і некаторых іншых дзяржаб'ектаў). Усю астатнюю жыццёвую магілёўскую прастору можна было выкарыстоўваць.

У 2024 годзе сітуацыя для кандыдатаў стала горшай. Магілёўскі гарвыканкам з удзелам Магілёўскага аблвыканкама вызначыў дакладны спіс месцаў, дзе агітацыя дазволена (такім чынам, у іншых месцах яна забароненая). Агулам вызначылі 41 кропку. Цікава, што 22 з іх — гэта пляцоўкі насупраць крам і гандлёвых цэнтраў у розных раёнах горада. Яшчэ 5 — побач з рознымі спартовымі ўстановамі і пляцоўкамі. Тут вылучаюцца два аб'екты – гэта футбольнае поле на вул. Чалюскінцаў і стадыён "Лакаматыў" у раёне чыгуначнага вакзала. Вылучаюцца яны, у першую чаргу, умовамі для агітацыі — як вядома, вялікая колькасць выбаршчыкаў-магілёўцаў любіць хадзіць на стадыёны сярод зімы.

У астатнім, месцы для агітацыі на адкрытым паветры ў Магілёве — гэта звычайныя пляцоўкі ў спальных раёнах і некалькі штук у цэнтры горада.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Магілёве рэзка скарацілі колькасць месцаў для "перадвыбарнай агітацыі"