18.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, свабода слова, затрыманні У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў беларуса, які падчас пратэстаў даў інтэрв'ю каналу Навальнага

На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах і супраціве міліцыянтам.

Затрыманыага завуць Ягор Клімовіч.

У Драгічыне затрыманы 6 чалавек — адзін з іх трапіў у рэанімацыю

Па інфармацыі "Берасцейскай вясны, 16 студзеня ў горадзе Драгічыне і в. Сварынь былі жорстка затрыманы мінімум шасцёра мужчын. Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стаў нібыта пошук зброі. Вобшукі праходзілі брутальна: зрывалася падлога і навясныя столі ў дамах, выбіваліся вокны ў машынах.

Паводле крыніцы, адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі ды сыходзіўся крывёю. Пазней яго даставілі ў рэанімацыю. Які далейшы лёс мужчыны, нам невядома.

Паводле суразмоўцаў, мужчын аб'ядноўвае тое, што яны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнэсам»). Памеры іх абароту сур'ёзныя, бізнэс пераходзіў людзям яшчэ ад бацькоў. І КДБ нібыта магло захацець падпарадкаваць сабе гэтую дзейнасць.

Па стане на ўчора, мінімум 1 з затрыманых ужо быў вызвалены.

BYSOL, "Bulbamovie", "Смаленская Рэспублiка" — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У "экстрэмісцкія" матэрыялы патрапілі таксама:

Telegram-каналы і чаты «Смоленская Республика (Смаленская Рэспублiка)», «Дом Творцаў», «МЫ НЕ ХОЛОПЫ», «Чат канала Мировые Конфликты», «Partyzanka ИНФО», «BYSOL: выезд и эвакуация»;

Instagram старонкі «vote.belarus», «bsdpbrest», «Новы канал»;

Facebook старонка «Bulbamovie»;

YouTube-каналы «Першы Рэгiён», «Пра Віцебск/Новости Витебска», «Маяк Беларускі\Навіны рэгіёнаў», «НОВЫ»;

Сайт «bgmedia.sitе»;

Старонка ў «Аднакласніках» «Belarusian truth»;

TikTok-старонкі «History_bel_zxv», «Вольны рух», «Patryjot Biełarusi», «uabnovuslt».

Сілавікі затрымалі жыхара Гродна

На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», удзеле ў акцыях пратэсту і рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога».

Крыніца: Жорсткі "хапун" у Драгічыне, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 18 студзеня