16.01.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску 18 студзеня пачнуць судзіць вядомага мінскага фатографа  

Анонс судовага пасяджэння ў дачыненні да Аляксандра Васюковіча праваабаронцы «Вясны» заўважылі ў раскладзе судоў.

Яго справу ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска будзе разглядаць суддзя Юлія Крэпская. Аляксандру інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Аляксандр — вядомы беларускі фатограф-фрылансер. За прафесійную кар'еру ён атрымаў безліч узнагарод за свае працы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Васюковіч знаходзіцца ў СІЗА-1.

Палітзняволенага Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым

Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў

Пра гэта ў Facebook напісаў 16 студзеня зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

"Пасяджэнне праходзіла па відэасувязі. Куды і калі пераводзяць пакуль не вядома", — напісаў ён.

Па інфармацыі праваабаронцаў, адпаведнае рашэнне ў судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня прыняў суддзя Сяргей Кухацкавальц.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

У Мінску на этапе мантажу забаранілі выставу мастака Уладзіміра Кандрусевіча

Як паведаміў  16 студзеня "Reform", адкрыццё выставы Уладзіміра Кандрусевіча было запланаванае на 16 студзеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. На ёй мастак меркаваў паказаць творы апошніх гадоў.

У сваіх сацсетках Уладзімір Кандрусевіч паведаміў, што выстава прайшла ўсе этапы ўзгаднення. Падчас мантажу выстава была адменена. Прычыны забароны не вядомыя.

Уладзімір Кандрусевіч – беларускі жывапісец, манументаліст. Вядомы ў тым ліку роспісамі касцёлаў. Пра свае жывапісныя творы аўтар піша:

"Мастак-фігуратывіст з Беларусі. Узнаўляе свет да грэхападзення, дзе на першы план выходзіць чалавечае цела – поўнае жыцця, непрыхаванае, не скаванае вузамі ханжаства і крывадушнасці".

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 16 студзеня