16.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч 15 снежня вынес прысуд 39-гадоваму станочніку мэблевай фабрыкі “Лагуна” Яўгену Пашукевічу. Мужчыну абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Іна Паўлоўская.

Пасля свайго затрымання  28 жніўня 2023 года Яўгена асудзілі да адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП (Выраб, распаўсюд, альбо захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), затым ён да суда знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Яўген Пашукевіч
Яўген Пашукевіч

Па матэрыялах абвінавачання Яўген Пашукевіч, выкарыстоўваючы планшэт, наўмысна размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” публікацыю, якая змяшчае фотавыяву Лукашэнкі з тэкстам (каментаром), якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі, спалучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні яго цяжкага злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам, пакутай пацярпелага альбо прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў).

На думку суда, гэтае выказванне, не адпавядае рэчаіснасці, істотна прыніжае гонар і годнасць асобы, а таксама дыскрэдытуе Лукашэнку ў вачах грамадскасці.

Калі казаць папросту, то Яўген паставіў адзнаку “Клас" пасту, дзе быў намаляваны Лукашэнка. Пазней мужчына прадаў той планшэт на запчасткі.

Суд прызначыў Пашукевічу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання яго ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) тэрмінам на чатыры гады.

Крыніца: Паставіў “Клас" у "Аднакласніках": жыхара Баранавіч асудзілі за паклёп на Лукашэнку