15.01.2024 Тэгі: правы чалавека, аналітыка Высновы

  • катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі адзначана аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі;
  • Праваабарончаму цэнтру "Вясна" на канец 2023 года вядома пра 4 248 асуджаных да розных відаў пакарання паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, 910 з гэтай колькасці — жанчыны. У мінулым годзе асуджаны 1 603 чалавекі з іх;
  • вынікам крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Беларусі на 1 студзеня 2024 года 1 452 палітзняволеных, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю; з іх 168 — жанчыны; 535 палітвязняў — маладзёны. Яшчэ 1 413 чалавек, з іх 339 жанчын, пасля пазбаўлення волі паводле палітычных матываў вызвалены ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, пасля знаходжання пад вартай, вызваленнем у парадку памілавання;
  • судамі вынесена не менш за 4466 адміністрацыйных пастаноў, з іх у 1 822 выпадках накладзены штраф і ў 2 005 выпадках ужыты адміністрацыйны арышт, 38 спраў спынена, вынікі разгляду астатніх спраў невядомыя;
  • пры захаванні высокага узроўню крымінальных рэпрэсій стала значна больш крымінальных спраў паводле абвінавачвання ў стварэнні, кіраўніцтве і ўдзеле ў экстрэмісцкіх фармаваннях, садзейнічанні і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці; захавалася вялікая колькасць крымінальных спраў за ўдзел у вулічных пратэстах і выказванні ў сетцы Інтэрнэт;
  • палітычных зняволеных утрымоўваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад надзвычай строгім кантролем, на іх накладаюцца не прадугледжаныя законам абмежаванні; у выніку шматлікія палітвязні ў дысцыплінарным парадку пазбаўленыя вызначаных згодна з законам пасылак, перадач, у тым ліку лекавых, спатканняў з роднымі, жонкамі і мужамі, адвакатамі; ліставанне палітвязняў адвольна абмежаванае;
  • палітзняволеных накіроўваюць на прымусовую малааплатную працу;
  • асаблівасцю 2023 года стала змяшчэнне некаторых палітвязняў у поўную ізаляцыю — у становішча інкамунікада;
  • не менш як 29 палітвязням, шасцярым (у тым ліку дзвюм жанчынам) з іх двойчы, працягвалі тэрміны пазбаўлення волі;
  • асабліва цяжка пераносяць пазбаўленне волі людзі з інваліднасцю, хранічнымі захворваннямі, пажылыя людзі; часцяком ім ствараюць невыносныя ўмовы без уліку іх уразлівага становішча;
  • пасля выхаду на волю па адбыцці пакарання палітзняволеныя трапляюць пад надзвычай строгі кантроль, які выходзіць за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі; правы асуджаных дадаткова абмяжоўваюцца наступствамі ўключэння ў пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці;
  • суды працягваюць функцыянаваць у якасці інструмента рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў;
  • грамадска-палітычны сектар скарачаецца ў выніку ліквідацыі ці прымусу да самаліквідацыі, а таксама іншых рэпрэсіўных мер;
  • працягваецца пераслед за мірнае выказванне меркаванняў, пераслед пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам;
  • пераследуюцца журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;
  • працягваецца пераслед за антываенную пазіцыю;
  • катаванні і забароненае абыходжанне застаюцца для карных органаў інструментам ціску і запалохвання; няма выпадкаў расследавання і прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у шырокамаштабных катаваннях і іншых вельмі грубых парушэннях правоў чалавека ў жніўні 2020 года і ў наступных гадах, на нацыянальным узроўні;
  • улады парушаюць права на жыццё: палітзняволеныя Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч памёрлі ў няволі ў выніку неаказання медыцынскай дапамогі;
  • пашыраецца сфера ўжывання смяротнага пакарання; вынесены новы смяротны прысуд.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2023 годзе

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2023 годзе Дакумент