15.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, ціск, рэпрэсіі, салідарнасць, зборныя матэрыялы 13 студзеня стала вядома пра жудасныя наступствы пераследу за праяву салідарнасці. У калоніі памёр асуджаны на тры гады за данаты палітвязень Вадзім Храсько, які меў цяжкае захворванне.

У 2020 годзе ў адказ на гвалт з боку сілавікоў узнікла моцная хваля салідарнасці. Беларусы пачалі актыўна данаціць у шматлікія фонды для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Частку людзей, якія данацілі ў 2020 годзе актыўна выклікаюць у КДБ і просяць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай. Некаторых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). На сённяшні дзень у Беларусі 58 чалавек асуджаныя па гэтым артыкуле (або ў сукупнасці з іншымі) на тэрміны ад паўтара да 19 гадоў калоніі. За данаты ў структуры, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", у Беларусі пагражае да пяці гадоў калоніі. Нават на момант, калі яны не былі прызнаныя гэткімі. Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" — за данаты ў вайсковыя аб'яднанні ва Украіне, напрыклад, палку Каліноўскаму. Па ім асудзілі як мінімум дваіх чалавек на дзевяць з паловай і восем з паловай гадоў калоніі. 

Расказваем, як у Беларусі пераследуюць за данаты і праяву салідарнасці. А таксама нагадваем парады юрыстак "Вясны", што рабіць, калі выклікаюць на размову за данаты.

Ілюстрацыя: Вольга Пранкевіч

У 2020 годзе на хвалі салідарнасці ўзнікла шмат розных фондаў і ініцыятываў па дапамозе пацярпеўшым ад рэпрэсій. Гэта была беспрэцэдэнтная з’ява паводле аб’ёма дапамогі і жадаючых ахвяраваць. Так, напрыклад, 14 жніўня 2020 года Андрэй Стрыжак заснаваў фонд салідарнасці BYSOL, а з 2017 года ўжо дзейнічала ініцыятыва Аляксея Лявончыка By_help. Таксама збор сродкаў на меддапамогу для пацярпелых ад гвалту сілавікоў адкрыў фонд "Имена". Грашовы зборы арганізоўваліся пераважна праз сацсетку Facebook. Акрамя фондаў салідарнасці беларусы данацілі розным іншым ініцыятывам і арганізацыям: суполцы ананімных хакераў "Кіберпартызаны", палку Каліноўскага, медыяпраекту "Мотолько Помоги" і іншым.

Фонды салідарнасці — "экстрэмісцкія фармаванні"

У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а некаторыя ініцыятывы "тэрарыстычнымі арганізацыямі".

Беларусаў, данаціўшых у фонды, затрымліваюць або выклікаюць "на размову" у КДБ ці ДФР. Некаторым сілавікі прапануюць "адкупіцца": зрабіць нібы дабравольнае ахвяраванне ў памеры ў шмат разоў большым за суму даната. Як правіла сродкі прапануюць перавесці на спецыяльны рахунак медычнай установы. Але падкрэслім, што такое ахвярванне з'яўляецца непрацэсуальнай працэдурай і не з'яўляецца штрафам ці іншым відам пакарання. Пасля следчы можа выдаць пастанову аб спыненні крымінальнай справы. Улічваючы пануючае ў Беларусі беззаконне, нельга выключаць паўторнае ўзбуджэнне крымінальнай справы па тым жа эпізодзе.

"Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ". Беларус распавёў пра пераслед за данаты

Беларус, які ў траўні таксама прайшоў праз допыт у КДБ, распавёў "Вясне", за што яму прапанавалі перавесці грошы ў памеры ад 8 000 да 20 000 даляраў на рахунак анкалагічнай лякарні, на якіх умовах працуе дамоўленнасць з КДБ, а таксама пра праблемы з выездам праз літоўскую мяжу.

Як раней распавёў праваабаронцам адзін з беларусаў, данаціўшы ў 2020 годзе, КДБшнікі амаль адразу прапанавалі заплаціць 1500$ на "дабрачыннасць" у якасці кампенсацыі за данаты "экстрэмісцкім фармаванням". Чалавек адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ніякім "экстрэмістам" ён грошы не ахвяраваў. У адказ на гэта супрацоўнікі запатрабавалі тэлефон і прасілі даць пароль ад Facebook-старонкі чалавека.

Зайсці на старонку ў сацсетцы ў КДБшнікаў не атрымалася, таму яны адпусцілі беларуса, аднак сказалі, што ён павінен прыйсці да іх зноў і даць ім доступ да Facebook. Мужчына праігнараваў іх патрабаванне — праз некаторы час да яго прыйшлі з ператрусам і забралі на “суткі”. У выніку, перад ім паставілі ўмову — ці ён плаціць 1500$, ці супраць яго можа быць распачата крымінальная справа.  

203 гады калоніі за праяву салідарнасці

На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 58 асуджаных за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Агулам іх асудзілі на 185 гадоў і тры месяцы калоніі. 

Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" - за данаты ў вайсковыя аб'яднанні ва Украіне, напрыклад, палку Каліноўскаму. Па ім ужо асудзілі як мінімум двух чалавек : Мікалая Васілевіча на дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі і Дзмітрыя Слука на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі.

Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча абвінавацілі ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК).

Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады Мікалай зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы.

Агулам 12 верасня 2023 года Мікалая асудзілі на 9,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Бабруйчаніна Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні тэрарстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК) за данаты "Кіберпартызанам".

4 ліпеня 2023 года яго асудзілі на 8,5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых велічыняў.

Што рабіць, калі я данаціў у фонды салідарнасці

"Гарачая Лінія" і юрысткі "Вясны" распавядаюць, што рабіць і як сябе засцерагчы, калі выклікаюць на размовы ў КДБ за данаты

Што рабіць, калі выклікаюць на размову?

У першую чаргу, важна разумець, што ў праваахоўных органаў можа не быць зусім ніякіх пэўных доказаў і падстаў для вашага затрымання, штрафу, спагнання ці крымінальнага пераследу роўна да таго моманту, пакуль вы не дасце ім такую інфармацыю. У большасці вядомых нам выпадкаў людзі прыходзілі на такія размовы, на іх аказвалі псіхалагічны ціск — і яны падпісвалі тлумачальныя, дзе выкрывалі сябе ў “парушэннях”. У выніку з такой тлумачальнай можа пачацца крымінальны пераслед. Мы заўсёды радзім з’яўляцца ў праваахоўныя органы толькі па позве і толькі ў межах афіцыйнай працэдуры — допыту.

Мы рэкамендуем памятаць пра права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (артыкул 27 Канстытуцыі) і карыстацца дадзеным правам. Каб мінімізаваць магчымасць ціску, радзім прыходзіць з адвакатам як на допыт, так і на прафілактычную гутарку (калі вы з нейкай нагоды ўсё ж вырашылі туды пайсці).

Як мінімізаваць рызыкі затрымання?

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак каментаваў, што ўцечка інфармацыі пра ахвяраванні тычыцца менавіта беларускіх банкаўскіх картак і, хутчэй за ўсё, не ўтрымлівае звестак пра тое, на карысць каго ажыццяўлялася ахвяраванне. Каманда фонду BYSOL раіць перарэгістраваць акаўнт у Facebook на новую электронную пошту і потым яго выдаліць.

  • "Кааліцыя Пратэстных Двароў" распрацавала складанейшую шматступеньчатую інструкцыю пра тое, што рабіць з Facebook-акаўнтам, з якога ажыццяўляліся ахвяраванні ў фонд.
  • Таксама медыя-рэсурс Zerkalo.io прыводзіць меркаванні адвакатаў, з чым карысна азнаёміцца.

Што рабіць, калі патрабуюць "заплаціць" за свой данат?

Калі сілавік патрабуе ў вас праз данат перавесці суму на нейкі дабрачынны рахунак, то выкананне гэтага патрабавання не гарантуе, што крымінальную справу не завядуць.

А што, калі данат быў да прызнання BYSOL "экстрэмісцкім фармаваннем"?

Юрыстка "Вясны" адзначае, што звычайна прымяненне крымінальнай адказнасці грунтуецца на прынцыпе "закон зваротнай моцы не мае". То бок, не могуць крымінальна пераследавацца дзеянні, якія былі зроблены да моманту ўвядзення за іх крымінальнай адказнасці.

Фонд BYSOL быў прызнаны экстрэмісцкім фармаванне 3 снежня 2021 года па пастанове Міністэрства ўнутраных спраў. І, атрымліваецца, крымінальны пераслед, звязаны з гэтым фактам, дапушчальны толькі за дзеянні, якія былі ажыццёўлены ўжо пасля прызнання фонда экстрэмісцкім.

Аднак у выпадку з экстрэмісцкімі фармаваннямі практыка такая, што экстрэмісцкімі яны прызнаюцца ад самага пачатку сваёй дзейнасці, а не з даты прыняцця пастановы. І гэта дае ўладам прастору для распаўсюджвання новага заканадаўства на старыя выпадкі.

Нашы кантакты:

Instagram: @viasnasos

Telegram: @ViasnaSOS@SOSViasna

Telegram-bot: @viasna_bot

Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Распавесці пра пераслед за данаты журналістам "Вясны": Telegram: @Viasnainfo | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: 60 чалавек асудзілі за данаты. Як у Беларусі пераследуюць за салідарнасць, і як не патрапіць за гэта пад рэпрэсіі