15.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-15 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Беларус, які 15 гадоў пражывае ў Польшчы, прыехаў на радзіму — яго жорстка затрымалі сілавікі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мужчыны ў Ваўкавыскім раёне. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што з 2009 года жыве ў Польшчы, а з 2017 года мае від на жыхарства ў гэтай краіне. 6 студзеня ён з сям'ёй вырашыў прыехаць у Беларусь, дзе і быў затрыманы. Яго прозвішча - Аляксандр Мазец.

Сілавікі абвінавацілі мужчыну ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ўдзеле ў акцыях пратэсту.

Стала вядома пра затрыманні ў аграгарадку Моталь

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра «хапун» у аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Паведамляецца, што затрыманні закранулі мясцовыя прадпрыемствы, асабліва мясны цэх.

Дакладная колькасць затрыманых выясвятляецца — праваабаронцам вядома пра як мінімум 4 чалавек.

Сілавікі затрымалі жанчыну з-за меркаванага ўдзелу ў акцыі пратэсту

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманая ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту разам са сваёй дачкой.

Па інфармацыі "Медыязоны",  у сацяльных сетках жанчына падпісаная як Яўгенія Петрыкевіч. 

Доўгі час не выходзіць на сувязь былы магілёўскі журналіст і відэааператар Яўген Глушкоў

Па інфармацыі @MAYDAYMog, ён можа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Апошні раз, як сцвярджаюць крыніцы, Яўген звязваўся са знаёмымі 4 студзеня. Пасля гэтага ён знік — дома ён не з'яўляўся, нікому не пісаў і не стэлефаноўваўся.

Яўген Глушкоў — былы магілёўскі журналіст, у 90-я і 2000-я працаваў на гарадскім тэлебачанні, пасля гэтага супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі.

Крыніца: Затрыманні адбываюцца па ўсёй краіне: хроніка пераследу 13-15 студзеня