15.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 5 снежня вынеслі чарговы прысуд за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Слесару Мікіту Машуту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) прызначылі два гады "хіміі" — да суда яго ўтрымлівалі пад вартай. Гарадзенец віну не прызнаў і запэўніваў суд, што думаў, што шэсце, у якім ён прымаў удзел, адбываецца ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым, пры сабе ў яго быў бел-чырвона-белы сцяг. Суд яму не паверыў.
Згодна версіі абвінавачвання, Мікіта Мішута, усведамляючы, што "яго дзеянні з'яўляюцца супрацьпраўнымі, прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, без атрымання ва ўстаноўленым парадку дазволу на яго правядзенне, якое рухалася ад плошчы Савецкай да міні-рынку "Прынёманскага" па праспекту Янкі Купалы ў Гродне, што выявілася ў непасрэдным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады спыніць удзел у незаконным мерапрыемстве і разысціся, скандаваў, рухаўся ў складзе калоны, маючы пры сабе пратэсную сімволіку".
У прысудзе адзначаецца, што масавае мерапрыемства, праведзенае ў Гродне "замахвалася на грамадскі спакой, парушала ўмовы адпачынку і побыту грамадзян", у выніку чаго гарадскім мерапрыемствам была прычынена шкода на агульную суму 71,69 рублёў.
Машута ў судовым пасяджэнні віну не прызнаў. Ён распавёў, што прыехаў на Савецкую плошчу, каб пайсці ў адну з крамаў. Там убачыў вялікую колькасць людзей, уякіх пры сабе мелася бел-чырвона-белая атрыбутыка і чырвона-зялёная. Ён вырашыў, што гэта мерапрыемства ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, далучыўся да натоўпу і прыняў удзел у вулічным шэсці. Рухаючыся ў бок праспекта Янкі Купалы зразумеў, што ўдзельнікамі масавага мерапрыемства з'яўляюцца пратэстоўцы, аднак працягнуў супольны рух у калоне грамадзян, выкрыкваў лозунгі, мяркуючы, што яго дзеянні з'яўляюцца правамернымі. Паблізу міні-рынку "Прынёманскага" пачуў ад супрацоўнікаў міліцыі, што мерапрыемства з'яўляецца несанкцыянаваным, таму пакінуў яго.
На працэсе зачыталі паказанні, як сведкі, міліцыянта, якія ўваходзіў у "групу тлумачэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Гродна". Згодна з імі, ён неаднаразова тлумачыў з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры аб тым, што мерапрыемства незаконнае, і адказнасць за прыняцце ў ім удзелу.
З матэрыялаў справы стала вядома, што фотаздымак Мікіты Машуты з нацыянальным сцягам на праезнай частцы да праспекту Янкі Купалы быў выяўлены ў адным з тэлеграм-каналаў. Таксама яго віна падцвярджаецца відэазапісам, на якім зафіксавана масавае вулічнае шэсце, якія пры сабе маюць бел-чырвона-белую сімволіку, пры гэтым ад натоўпу зыходзіць моцны шум.
У выніку суддзя Маргарыта Ланцэвіч прызначыла гарадзенцу два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Пасля абвяшчэння прысуду Мікіту вызвалілі ў зале суда.
Крыніца: Гарадзенца асудзіла за ўдзел у Маршы — ён думаў, што шэсце адбываецца ў падтрымку Лукашэнкі