12.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Старшыня абласной Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Уладзімір Хлябіч, які шмат гадоў узначальваў і узначальвае тэрытарыяльныя камісіі рознага ўзроўню ў Гародні і вобласці, агучыў колькі “дэпутатаў” будзе пад час гэтай электаральнай кампаніі па Гарадзеншчыне:
“Падчас адзінага дня галасавання будзем абіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання. У Гродзенскай вобласці будуць выбраны звыш паўтары тысячы дэпутатаў, у тым ліку 13 – у Палату прадстаўнікоў, 60 дэпутатаў абласнога Савета, 472 – у раённыя Саветы дэпутатаў і больш за ўсё – 972 – у сельскія”.
Такім чынам, вясковыя жыхары, якія прыйдуць на ўчасткі для галасавання, упершыню ў гісторыі атрымаюць ажно чатыры розныя бюлетэні.
Хлябіч таксама паведаміў, што ў Гарадзенскай вобласці зарэгістраваныя 1183 ініцыятыўныя групы ўсіх узроўняў, якія павінны збіраць подпісы за вылучэнцаў.
Згодна з Каляндарным планам правядзення выбараў, збор подпісаў павінен завяршыцца 15 студзеня.
У канцы свайго агітацыйнага выступу дзяржаўны функцыянер заклікаў электарат “праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і аддаць голас за кандыдатаў у дэпутаты – узяць на сябе адказнасць за будучыню нашай краіны".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Колькі “дэпутатаў” будзе па Гарадзеншчыне? Лічбы называе старшыня ТВК Хлябіч