10.01.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Ілля (імя змененае) адбыў адміністрацыйны арышт у адным раённым ІЧУ і ЦІПе ў сакавіку 2023 года. Яго затрымалі па палітычна матываваным артыкуле  19.11 КаАП — за рэпост з тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь", а таксама па артыкуле 24.23 КаАП — за нібы пікет у фэйсбуку бел-чырвона-белымі стужкамі з украінскім сцягам. На працягу зняволення ён сустрэў шмат цяжкіх гісторый — і не толькі пра "палітычных" асуджаных — якімі і вырашыў падзяліцца з "Вясной".

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Адсутнасць інфармацыі

Як і ва ўсіх “палітычных”, у Іллі пры зняволенні не было матрацаў, пасцельнай бялізны, прагулак і душа. Але калі ён выйшаў, то за гэта давялося плаціць — у квітку на аплату было напісана пра карыстанне матрацам і пасцельнай бялізнай.

Акрамя таго, сваякам доўгі час не давалі інфармацыю пра знаходжанне Іллі:

ая маці тэлефанавала ў ЦІП: ёй спачатку казалі: "Мы нічога не ведаем". І толькі  потым сказалі, што я перайшоў дарогу ў няправільным месцы — за гэта нібы мяне затрымалі. А адзін зняволены распавядаў, што яго трое сутак сваякі шукалі разам з адвакатам, і сказалі, што яго у ЦІПе няма, а ён у той час там быў".

Як апынулася, пошук інфармацыі можа прывесці і да зняволення — пра адну з такіх гісторый і распавядае Ілля:

"Да нас у камеру аднойчы прыйшоў чалавек. Што з ім адбылося? Спачатку затрымалі яго жонку па экстрэмісцкім артыкуле. Ён патэлефанаваў у РАУС і запытаў: "А што можна перадаць жонцы?" "Прыходзь у РАУС, мы табе распавядзем, усё растлумачым". Ён прыйшоў, а міліцыянты кажуць: "Пакажы тэлефон! Усё, складаем адміністрацыйны пратакол, у цябе падпіска на Zerkalo. Потым судзілі абодвух. Жонцы далі штаф, таму што непаўнагадовае дзіцё, а яму 13 сутак".

Гістэрыка

З-за адсутнасці чалавечых умоваў у аднаго са зняволеных здарылася гістэрыка, успамінае Ілля:

"Яму далі 15 сутак за нейкую падпіску. Я так зразумеў, гэта быў чалавек абсалютна далёкі ад палітыкі. Увечь час ён сядзеў у трансе, толькі паўтараў: "Што рабіць, што рабіць? Мяне ж зараз звольняць з працы..." А потым адзін раз ён кінуўся да кармушцы і стаў крычаць: "Хлопцы, што вы робіце? Чаму вы мне нічога не даеце?! Ні зубной пасты, ні туалетнай паперы, чаму я не магу падыхаць паветрам, не магу памыцца, усяго толькі за нейкую лухту, якую ў мяне знайшлі ў тэлефоне?!"

 На што яму сказалі: "Мы нічога не ведаем, у нас інструкцыя, звяртайся вышэй, мы тут ні пры чым"".

Толькі на "Ты"

Як адзначае Ілля, супрацоўнікі ЦІПа ставіліся да ўсіх з непавагай — і да “палітычных”, і да людзей з непалітычна-матываванымі артыкуламі:

"Ахоўнікі усіх выключна называлі на Ты, незалежна ад полу і ўзросту. Аднойчы адзін зняволены сядзеў 10 сутак, пасля гэтага зрабіў ахоўніку заўвагу: Табе 20 год, а мне 60, называй мяне на Вы— на што пачуў адказ: "І шо ты мне хочаш гэтым сказаць? Ты хто? Ты ніхто тут".

Адзін таксама спрабаваў спрачацца, яго аблаялі і сказалі: "Ідзі на шконку забейся і маўчы".

Асабліва ахоўнікі здзекваліся над людзьмі з алкагольнай залежнасцю. Некаторым яны ўстрайвалі проста булінг — вось калі вывозілі на праверку і пачыналі здзеквацца, максімальна каб прынызіць чалавечую годнасць".

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Накіраванне ў Лячэбна-працоўныя прафілакторыі

Падчас свайго зняволення Ілля пазнаёміўся з досведам накіравання ў ЛПП (Лячэбна-працоўныя прафілакторыі”.

нога ў нас людзей такіх было, што на некаторых людзей (прычым не на такіх, якія цалкам на апошняй стадыі, а якія залежныя, але могуць працаваць) проста вядуць паляванне. Каб зрабіць тры адміністрацыйкі (зараз я ужо ведаю, дзве) і адправіць у ЛПП. Вось быў у нас выпадак, калі чалавек, які адбываў 15 сутак за тое, што яго затрымалі пьяным як казаў, палову бутэлькі выпіў, пайшоў за дабаўкай, і тут якраз ехала міліцыя: "Ага, дыхні, паехалі да нас". І калі яго15 сутак скончыліся і што вы думаеце? на наступны дзень ён зноў заязджае ў камеру. А ён займаўся тым, што збіраў металалом (і пры гэтым быў інвалід другой групы то бок яму нельга працаваць па законе), таму ён  жыў за кошт таго, што збіраў металалом і здаваў яго на прапускных пунктах. І вось ён прыйшоў на прапускны пункт і там яго ўжо спецыяльна чакалі. Прычым на медкамісіі яго другая група раптам ператварылася ў трэцюю, з якой можна працаваць".

З Іллём разам сядзелі і людзі, якія ўжо пабывалі ў ЛПП. Яны дзялілся сваімі ўраджаннямі:

"Быў адзін у камеры, які адсядзеў 15 год у калоніі. І паміж сабой размаўлялі, як у ЛПП і калоніі, і ён кажа: "У калоніі проста рай" у параўнанні з ЛПП. Бо там турэмны рэжым, там нават калі у цябе тэмпература 37,5 градусаў — гэта не лічыцца: "Ты сімуліруеш, ідзі на працу», а праца не аплочваецца. То бок фармальна ў ЛПП яны не зняволеныя, але там умовы горш, чым у калоніі, як я зразумеў з іх расповяда".

Ілля успамінае, што адзін раз у ЦІПе быў выпадак, як чалавек з алкагольным ап’яненнем памёр. Яго на ноч адправілі ў “стакан” маленькае памяшканне, куды змяшчалі і дзеля таго, каб людзе цверазелі.

"Гэта я ўжо чуў ад тых, хто з прагулкі вярталіся (каму можна было на іх хадзіць — то бок непалітычныя), што ўвечары кагосьці прывезлі, на раніцу прыйшлі там ахоўнікі ў стакан церушыць яго, а ён ужо халодны".

Прыехаў за пашпартам і трапіў пад крыміналку

Яшчэ адна гісторыя сведчыць аб тым, як небяспечна можа быць вяртанне ў Беларус, каб памяняць пашпарт. Такога чалавека Ілля сустрэў, калі быў у ІЧУ:

"Чалавек, які прыехаў мяняць пашпарт, і завіс на "хіміі". Ён далёкі ад палітыкі, працаваў у Санкт-Пецярбургу. І на восьмае сакавіка ён падвыпіў і адкрыў свой ВКонтакте, а там віншаванні з восьмым сакавіка жанчын ад начальніка міліцыі і начальніка ДАІ нашага горада. І ён нешта там падпісаў кшталту: "Опять эти морды коррупционные повылазили". І забыў пра гэта. А праз некалькі тыдняў паехаў у наш горад, дзе ён прапісаны, мяняць пашпарт. Зайшоў у пашпартны стол, і як там гэта супрацоўніца разгарнула пашпарт, то адразу "Ой, извините, у нас компьютер завис" і некуды пайшла. Потым да яго прыйшлі і пачалі гаварыць, што ў яго машына не ў тым месцы прыпаркавана, што ён затрыманы на 72 гадзіны да высвятлення абставін. Ён спачатку падумаў, што нейкая дробязь, ужо думаў, як тут штраф нейкі дадуць, як ён паедзе забіраць машыну, як яму трэба на працу… І тут за паўсутак да сканчэння 72 гадзін у кармушку стукаюць і падносяць яму падпісаць яшчэ адзін ліст: "Вы в отделении милиции ругались матом, чем дезорганизовали всю работу отделения". У яго вочы на лоб: "Я не лаяўся матам" "А у нас есть показания нашего сотрудника, которому мы не можем не верить". І яго потым забралі. Ён ужо зразумеў, у сувязі з чым. А потым я даведаўся, што яму ці то два, ці то два з паловай гады хіміі далі ў выніку за знявагу супрацоўнікаў адпаведныз органаў".

Калі вы хочаце распавесці сваю гісторыю, звяртайцеся да нас па кантактах:

Дакументаванне: @ViasnaDOC альбо Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Інфармацыйная служба "Вясны": @Viasnainfo

Крыніца: "Ты тут ніхто". Некалькі гісторый зняволеных на сутках