10.01.2024 Тэгі: рэпрэсіі, экстрэмізм, зборныя матэрыялы На дадзены момант у Беларусі 169 "экстрэмісцкіх фармаванняў", з іх 62 прызналі у 2023 годзе. Для параўнання: у 2022 годзе ў "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" было ўнесена 80 пазіцый. З 2021 года за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) агулам асудзілі мінімум 130 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачванні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі). Летась у пералік уключылі 11 медыя і пяць блогераў, музычны гурт "Tor band", Праваабарончы цэнтр "Вясна", БАЖ, ЗБС, дзве буйныя суполкі салідарнасці і шэраг іншых грамадскіх аб'яднанняў і суполак. "Вясна" распавядае, каго ў 2023 годзе прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем" і нагадвае пра меры бяспекі.
"Ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян"
З восені 2021 года ў Беларусі Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі 169 суб'ектаў "экстрэмісцкімі фармаваннямі". У 2021 годзе за два месяцы прызналі ажно 27 "экстрэмісцкіх фармаванняў". У наступным годзе – 80 суб'ектаў, а летась – 62. У мінулым годзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі прыняў 26 рашэнняў "Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці", а Міністэрства ўнутраных справаў – 35. Яшчэ адно рашэнне было прынята Вярхоўным судом.
Праваабаронцы "Вясны" неаднаразова звярталі ўвагу на незаконнасць працэдуры прыняцця такіх рашэнняў:
"Рашэнні аб прызнанні "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прымаюцца ў адміністрацыйным, пазасудовым парадку КДБ ці МУС без давядзення да грамадскасці канкрэтных падстаў для прыняцця такіх рашэнняў. Спрошчаны механізм прызнання арганізацый "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама адсутнасць у грамадзян доступу да інфармацыі і механізмаў судовай абароны ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку ў адказ на грубыя парушэнні правоў чалавека".
Таксама праваабаронцы адзначаюць парушэнне правоў чалавека пры прызнанні "экстрэмісцкім фармаваннем", пры гэтым звяртаюць увагу на меры бяспекі грамадзян:
"Прызнанне суб'екта экстрэмісцкім фармаваннем татальна, пад пагрозай крымінальнага пакарання, абмяжоўвае правы і свабоды як суб'ектаў і іх удзельнікаў, гэтак і людзей, якія хочуць далучыцца да дэ-факта правамернай дзейнасці такіх суб'ектаў, выказацца пасродкам магчымасцяў, якія тыя даюць".
Чытаць даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам" цалкам.
За стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" прадугледжваецца адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Вось тут тлумачым гэта:
"Увесь я — фармаванне". Распавядаем усё, што трэба ведаць пра "экстрэмісцкія фармаванні"
З Юрыдычнай службай "Вясны" адказваем на актуальныя пытанні пра "экстрэмісцкія фармаванні".
У "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" ў 2023 годзе ўключалі незалежныя медыя, сацсеткі блогераў, музычны гурт, Telegram-каналы і -чаты (нават закрытыя), грамадскія арганізацыі і ініцыятывы. Распавядаем падрабязна.
Музычны гурт "Tor Band"
16 студзеня 2023 года КДБ сваім рашэннем прызнаў гурт "Tor band" "экстрэмісцкім фармаваннем". Па сутнасці ведамства падпісала прысуд на вялікія тэрміны тром музыкам — Яўгену Бурло, Дзмітрыю Галавачу, Андрэю Ярэмчыку. Іх судзілі, у тым ліку за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання". У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка 2023 года агучылі прысуд — ад сямі з паловай гадоў калоніі . Усім прызначылі ўзмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу (па 3 700 беларускіх рублёў). Справу разглядалі ў закрытым рэжыме паўтара месяца.
Палітычныя апазіцыйныя структуры
У 2023 годзе "экстрэмісцкімі фармаваннямі" былі прызнаныя шэраг палітычных апазіцыйных стуктур: "Народнае антыкрызіснае ўпраўленне" пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі, сацсеткі і сайт Святланы Ціханоўскай і нават закрыты Telegram-канал "Аналітыкі Святланы Ціханоўскай", "Каардынацыйная Рада" і "Рада БНР".
Суполкі салідарнасці
24 кастрычніка "фармаваннем" паводле рашэння КДБ быў прызнаны закрыты Telegram-чат "Гомель за Никиту Золоторева", а яго адзіным пазначаным удзельнікам — бацька палітвязня Міхаіл Лапуноў.
У пералік 10 лістапада быў уключаны Telegram-чат "Окрестина задержанные". Ініцыятарам выступіў КДБ. Пры гэтым, асобна пазначылі людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятывы: Яўгенія Рубцова, Алена Памаха, Рыта Мельнікава, Юры Шаўлюкевіч, Ірына Нікалаева і Таццяна Севярына. У хуткім часе адміністратары выдалілі чат, сваё рашэнне яны растлумачылі так:
"Валанцёрскую суполку, створаную для дапамогі блізкім затрыманых на Акрэсціна, прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". У мэтах бяспекі ўсіх удзельнікаў суполкі яна была выдаленая".
26 снежня "экстрэмісцкім фармаваннем" па рашэнні КДБ была прызнана суполка ў Facebook "Письма Солидарности Беларусь 2020". Яе ўдзельніцамі ў пераліку пазначылі чатырох чалавек, у тым ліку палітвязняў: Марыну Касінераву, Івана Дзешука, Наталлю Малец і Ірыну Пагадаеву. Пазней суполку заархіравалі.
Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы
28 лютага па рашэнні КДБ "фармаваннем" была прызна "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
"Рашэнне КДБ Беларусі аб прызнанні Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем з’яўляецца новай праявай ціску ўладаў на беларускія выданні і журналістаў, скіраванай на запалохванне і рэпрэсіі з мэтай спыніць такую важную для грамадства працу незалежных медыя", – заявілі ў адказ праваабаронцы.
У чэрвені ў пералік дадалі школу маладых менеджараў публічнага адміністравання"SYMPA", сузаснавальніца якой Таццяна Кузіна ўтрымліваецца за кратамі. Як паведамляла КДБ, "удзельнікі ініцыятывы "SYMPA" распаўсюджваюць заведама ілжывыя звесткі аб праблемных аспектах у сістэме дзяржаўнага кіравання. Ініцыятыва рэалізуецца пры донарстве Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве "SIDA"". Як паведамляецца на сайце Sympa, місія праекта — прасоўванне рэформы сістэмы публічнага адміністравання ў Беларусі ў адпаведнасці з сучаснымі прынцыпамі і практыкамі. Праект аб'ядноўвае людзей, якія жадаюць палепшыць якасць кіравання ў нашай краіне і даследуюць гэтую праблематыку.
9 жніўня ў пералік паводле рашэння КДБ унеслі "Гомельскую Вясну" і былую журналістку Ларысу Шчыракову, калі над той адбываўся суд па іншых артыкулах. Праваабаронцы "Вясны" выступілі з заявай:
"Мы заяўляем, што прызнанне "Гомельскай Вясны" і іншых арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі ўяўляе сабой незаконнае абмежаванне права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў, паколькі пераследуе нелегітымныя мэты і не адпавядае міжнародным абавязацельствам Беларусі ў галіне правоў чалавека".
У той жа дзень КДБ прызнаў "фармаваннем" "Startup Hub «Imaguru»". Сярод удзельнікаў стартап-хаба паказваецца лідара ініцыятывы Таццяна Марыніч, Анастасія Хамянкова, Андрэй Новак і Кацярына Болтан-Сміт. У красавіку 2021 года "Гарызонт" скасаваў дамову з "Імагуру" без тлумачэння прычын, Марыніч назвала гэта "палітычнай замовай на знішчэнне бізнэсу". Цяпер офісы арганізацыі працуюць у Мадрыдзе, Вільні і Варшаве.
23 жніўня МУС прызнаў Праваабарончы цэнтр "Вясну" і яго рэгіянальныя прадстаўніцтвы "экстрэмісцкім фармаваннем". Прычына — "ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці". У "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", дадалі сайты spring96.org і freeviasna.org, тэлеграм-каналы, старонкі ў сацыяльных сетках "Вясны", агульныя тэлеграм-акаунты і электронныя пошты для сувязі з праваабаронцамі, патрэон, фотабанк на flicr.com, а таксама асабістыя пошты і тэлеграм-акаунты — усяго каля сотні пазіцый. Таксама дадалі старонку на сайце міжнароднай праваабарончай арганізацыі frontlinedefenders.org, якая ўтрымлівае інфармацыю пра "Вясну". Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай у абарону "Вясны":
"Мы падкрэсліваем, што прызнанне Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі ўяўляе сабой недапушчальнае ўмяшанне ў ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, свабоды асацыяцый, якія з'яўляюцца правамі, гарантаванымі Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, парушае правы, замацаваныя ў Дэкларацыі аб праваабаронцах — ключавым рамачным дакуменце ААН, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь".
Пазней вясноўцы накіравалі зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды прызнання арганізацыі "экстрэмісцкім фармаваннем". Праваабаронцы растлумачылі, як супрацоўнічаць цяпер з "Вясной":
"Вясну" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем": як цяпер супрацоўнічаць з намі?
Напрыканцы верасня ў пералік было ўключана "Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў ЗБС". У хуткім часе "фармаваннем" прызналі "Союз матерей Беларуси" / "Союз матерей". Таксама ў пералік уключылі "Асацыяцыя Беларускага Бiзнесу за Мяжой". 29 лістапада "фармаваннем" па рашэнні МУС прызналі ініцыятвыву па дапамозе палітвязням Dissidentby. Прычынай пазначылі "ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці і яе фінансаванне".
Грамадскія ініцыятвы і супольнасці
У "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" ўключылі, напрыклад, "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" з іх вядомым Telegram-каналам "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси".
15 лістапада паводле рашэння КДБ "фармаваннем" быў прызнаны Telegram-канал "КПД. Коалиция Протестных Дворов".
Напрыканцы лістапада па ініцыятыве КДБ у пералік было ўключана "BELPOL". Яе ўдзельнікамі пазначылі былых супрацоўнікаў сілавых ведамств Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгаря, Матвея Купрэйчыка і былога палітзняволенага блогера Аляксандра Кабанава.
26 снежня з пералік уключылі "Новую Беларусь" — мабільную аплікацыю для Android і iOS, а таксама сайт Newbelarus.com, які дае спасылкі на розныя карысныя для беларусаў сэрвісы. Яе ўдзельнікамі КДБ назваў Паўла Лібера і Яраслава Ліхачэўскага. "Экстрэмісцкімі" прызнаныя два сайты платформы "Новая Беларусь", а таксама старонкі ў сацыяльных сетках твітэр, Instagram, Фэйсбук і канал на ютубе. "Экстрэмісцкім" прызнаны і мабільны дадатак "Новая Беларусь", які даступны для спампоўкі ў Google Play і App Store.
Гарадскія суполкі
У 2023 годзе працягнулася тэндэнцыі аб прызнанні гарадскіх і раённых аб'яданняў грамадзян "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Летась гэткімі прызналі, у тым ліку Telegram-канал "Волковыск.Бай – твои новости", Telegram-чат "Солидарность Ивацевичи", Telegram-чат "Климовичи ЧАТ", Telegram-чат "Дятлово Для Жизни".
Незалежныя медыя і блогеры
Агулам у 2023 годзе "экстрэмісцкімі фармаваннямі" былі прызнаныя 11 медыя. Гэта як буйныя вядомыя СМІ, накшалт Zerkalo.io і Tribuna, так і рэгіянальныя медыя з розных куткоў Беларусі: Брэста, Гародні, Барысава, Магілёва і Гомеля.
15 лютага МУС уключыў у "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" "Маланка медыя". У хуткім часе КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" "Брэсцкую газету", прызнаўшы яго ўдзельнікамі галоўнага рэдактара Віктара Марчука і яго намесніцу Таццяну Піскур.
16 траўня па рашэнні КДБ "экстрэмісцкім фармаваннем" быў прызнаны MOST і сацсеткі гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча. Напрыканцы траўня пералік папоўніла гомельскае выданне "Штодзень".
9 чэрвеня МУС прызнаў "фармаваннем" Zerkalo.io. "Беларускі раследавацельскі цэнтр" быў унесены ў пералік па рашэнні Вярхоўнага суда 15 верасня. Напрыканцы лістапада КДБ сваім рашэннем уключыў у пералік барысаўскае выданне ex-press.live. У хуткім часе "экстрэмісцкімі фармаваннямі" былі прызнаныя тры медыя з Магілёва: "6TV Bielarus", "Магілёў Медыя", "Навіны Магілёўскага рэгіёну".
5 снежня МУС прыняў рашэнне аб прызнанні спартовага выдання Tribuna "экстрэмісцкім фармаваннем".
Летась у "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" патрапілі сацсеткі блогераў Андрэя Павука і яго праект "Рудабельская паказуха", блогерка Вольга Павук, журналіст і медыя-актывіст Валер Руселік з Youtube-каналам "Daroha", украінскі блогер Аляксандр Рыкаў "BalaganOff", а таксама блогерка Таццяна Мартынава.
Добраахвотніцкія аб'яднанні ва Украіне
У 2023 годзе "экстрэмісцкімі фармаваннямі" былі прызнаныя бальён "Ліцвін" і "Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус", якія ваююць на баку Украіны. Ініцыятарам выступіла міліцэйскае ведамства.
Словазлучэнне, сцікер-пакі, песні і кнігі. Самыя абсурдныя "экстрэмісцкія матэрыялы" ў 2023 годзе
Крыніца: У 2023 годзе прызналі 62 "экстрэмісцкія фармаванні", з іх 11 – медыя. Распавядаем падрабязнасці