09.01.2024 Тэгі: суды, смяротнае пакаранне У Вярхоўным судзе 9 студзеня разгледзелі апеляцыйныя скаргі асуджанага да смяротнага пакарання случака Аляксандра Таратуты і ягонай жонкі грамадзянкі Расіі Анастасіі, якой прызначылі 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а таксама іх абаронцаў. Сямейную пару са Слуцку абвінавацілі ў забойстве іх трохгадовага дзіцяці. Мужчыну асабіста прывезлі на суд, жанчыну — не. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Гурава пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле. Аляксандра Таратуту чакае расстрэл.
На працэсе Аляксандр Таратута папрасіў судовую калегію змякчыць прысуд. На судзе яго трымалі ў шкляной клетцы і ў кайданках. Пракурорка, прадстаўніца Генпракуратуры, заявіла, што лічыць смяротны прысуд законным.
"У судзе пацверджаныя ўсе доказы ўчыненага злачынства, у судзе не было знойдзена адказу на адзінае пытанне – за што было забітае дзіця", – сказала пракурорка Таццяна Гракун, якаяі падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе першай інстанцыі.
У выніку разгляду апеляцыйных скаргаў Вярхоўны суд пакінуў іх без задавальнення.
Нагадаем, 19 лістапада Мінскі абласны суд у выязным пасяджэнні ў слуцкім судзе разглядзеў крымінальную справу супраць бацькоў Аляксандра і Анастасіі Таратутаў за забойства іх трохгадовага дзіцяці. 19 кастрычніка судовая калегія прызнала іх вінаватымі і прызначыла Анастасіі 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму, а Аляксандру — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурорка Таццяна Гракун. Пазней 28 службовых асоб, якія дапусцілі і своечасова не прадухілілі факт трагедыі, прыцягнуты да адказнасці.
Падчас аднаго з судовых пасяджэнняў стала вядома, што абвінавачаныя падавалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі за ўжыванне да іх фізічнага гвалту і ціску. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Як распавяла праваабаронцам "Вясны" былая сукамерніца Анастасіі Таратуты, пасля затрымання ў слуцкім аддзеле Следчага камітэта яе білі аголеным электрапровадам з патрабаваннем даць прызнальныя паказанні. Паводле словаў сукамерніцы Анастасіі, пасля таго, як Аляксандр пачаў збіваць дзіцёнка, яна звярталася ў міліцыю, але яго толькі аштрафавалі. У 2023 годзе яна раілася з супрацоўнікамі сацыяльнай службы аб разводзе, але тыя раілі "захаваць сям'ю". У СІЗА яе, як грамадзянку Расіі, ніводнага разу не наведаў расейскі консул.
У Слуцку вынесены смяротны прысуд
Крыніца: Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення скаргу асуджанага да смяротнага пакарання случака