09.01.2024 Тэгі: выбары-2024Пікет па зборы подпісаў у Рагачове. Рагачоўская раённая выбарчая камісія зарэгістравала 19 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў.

Пераважная большасць вылучэнцаў – кіраўнікі і начальнікі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, ёсць нават адзін пенсіянер. Апрача трох прадстаўнікоў партыі “Белая Русь”, астатнія з’яўляюцца беспартыйнымі.

А вось пікетаў па зборы подпісаў практычна не заўважна: двойчы мясцовая праўладная газета “Свабоднае слова” змяшчала фотаздымкі з месцаў правядзення пікетаў, аднак заўважна, што яны – пастановачныя.

Першыя пікеты па зборы подпісаў былі заўважаныя 24 снежня каля завода “Дыяпраектар” і “Усходняга рынку”. На фотаздымках не відаць ні асобы зборшчыка, ні тых, хто ставіць свае подпісы. Апазнаваліны толькі сцяг Федэрацыі прафсаюзаў.

Яшчэ два пікеты праводзіліся каля мясцовага Дома культуры. 29 снежня і 4 студзеня. Іх арганізавалі прадстаўнікі “Белай Русі”. Падпісантам пры гэтым раздавалі буклецікі гэтай партыі. Сярод зборшчыкаў – Ірына Жордачкіна, якая з’яўляецца сакратаркай Рагачоўскага аддзялення “Белай Русі”.

Бачна, што пікеты па зборы подпісаў праводзяцца дзеля справаздачы і фотасессі, паколькі назбіраць па 12-13 подпісаў за вылучэнне – задача зусім простая.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Рагачоў: кандыдаты – кіраўнікі, а пікеты дзеля праформы