09.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Ленінскага раёна Мінска 14 снежня асудзіў індывідуальнага прадпрымальніка Канстанціна Васіленку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Судовы працэс вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Па матэрыялах абвінавачання, Васіленка ў жніўні 2020 года, знаходзячыся на праспекце Пераможцаў заўважыў натоўп грамадзян, у тым ліку з рознай атрыбутыкай пратэстнага характару. Сумесна з імі, а таксама разам са знаёмым Е. ён прайшоў да праспекта Незалежнасці, пры гэтым рух ажыццяўляў па тратуары. У адным месцы выйшаў на праезную частку дарогі, каб зрабіць фота са сцягам бел-чырвона-белага колеру. Менавіта гэтае фота і паслужыла падставай для ягонага затрымання і абвінавачання.

 У ходзе судовага працэсу з абвінавачання былі выключаныя эпізоды аб публічным выкрыкванні лозунгаў Канстанцінам. Таксама суд выключыў маёмасныя прэтэнзіі прадпрыемства “Мінсктранс”, паколькі дзеянні Васіленкі не перашкаджалі працы грамадскага транспарту.

Урэшце суд прызначыў Канстанціну Васіленку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады ("хатняя хімія").

Меру стрымання ў выглядзе грашовага закладу суд пакінуў без змены.

Крыніца: Зрабіў сэлфі са сцягам бел-чырвона-белага колеру – два гады "хатняй хіміі"