08.01.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-8 студзеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Маці дарадцы Ціханоўскай з'ехала з Беларусі пасля 15 сутак арышту
Пра гэта жанчына распавяла ў каментары "Настоящее Время. Беларусь".
Нагадаем, Інэсу Ворыхаву затрымалі на працы 30 лістапада — пазней ёй прызначылі 15 сутак арышту. Інэса — маці дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхавай.
Чарговы "хапун" на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 4 чалавекі
Усіх затрыманых вінавацяць у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў". Як паведаміла "Гомельская Вясна" 8 студзеня, адзін з затрыманых — Ігар Песікаў са Светлагорску.
Сілавікі затрымалі зваршчыка з-за каментароў у інтэрнэце
На "пакаяльным" відэа ад 8 студзеня затрыманы кажа, што "наведваў сайты ненармальныя" і "быў падпісаны на дэструктыўныя тэлеграм-каналы", дзе нібыта "пакідаў негатыўныя каментары".
У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ трох чалавек — цяпер у ім 400 беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 8 студзеня абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек.
Сярод іх Аляксей Краснагір, 31-гадовы Ігар Федарэнка і 23-гадовы Аляксандр Вітухноўскі.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1159 чалавек, з іх 400 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1168 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Завочную справу супраць BYPOL пачнуць разглядаць 22 студзеня
Пасяджэнне адбудзецца ў Мінскім гарадскім судзе, паведаміла "Радыё Свабода".
Завочна збіраюцца судзіць шэсць былых сілавікоў: Андрэя Астаповіча, Аляксандра Азарава, Алега Талерчыка, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка і Ігара Лобана.
Згодна з матэрыяламі справы, «названыя асобы ў розныя перыяды ўчынілі дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
У Гродне затрымалі мужчыну за каментары
На "пакаяльным" відэа 7 студзеня затрыманы кажа, што нібыта пакідаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку і супрацоўнікаў міліцыі.
Затрымалі траіх удзельнікаў гурта Nizkiz
Аб гэтым стала вядома 6 снежня.
Прапагандысты сцвярджаюць, што музыкі пасля падзеяў 2020 года пакінулі Беларусь, але вырашылі вярнуцца — іх затрымалі адразу пасля вяртання ў краіну.
Паведамляецца, што затрыманыя — вакаліст і аўтар песень Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зьміцер Халяўкін.
Пазней праваабаронцам стала вядома, што удзельнікі гурта Nizkiz не з'язджалі з Беларусі пасля 2020-га году, як сцвярджалі прапагандысты. Музыкі працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
Крыніца: Затрыманне Nizkiz, абнаўленне "тэрарыстычнага" спіса: хроніка палітычнага пераследу 6-8 студзеня