07.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Cтаршыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч 5 студзеня нечакана прыехала ў Светлагорск. Як паведамляюць “Светлагорскія навіны”, яна сустрэлася з педагагічным калектывам сярэдняй школы №12, нягледзячы нават на калядныя вакацыі.
Чыноўніца, якая відавочна скарысталася адміністратыўным рэсурсам, распавяла прысутным аб дзейнасці дэпутатаў, вырашаных з іх дапамогай пытаннях, падзялілася планамі на бліжэйшы час.
Зразумела, што галоўнай прычынай візіту з’явіўся намер Зянкевіч балатавацца ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Яе ініцыятыўная група зарэгістраваная па Бярэзінскай выбарчай акрузе №49. Яна прадстаўляе партыю "Белая Русь".
Пад час сустрэчы з педагогамі, Кацярына Зянкевіч распавядала пра асаблівасці і новаўвядзенні электаральнай кампаніі, якая, на яе думку, стане “самым маштабным мерапрыемствам гэтага года”.
Напрыканцы сустрэчы старшыня Гомельскага аблсавета заклікала педагагічны калектыў прыняць актыўны ўдзел у важным для краіны мерапрыемстве.
Нагадаем, этап перадвыбарнай агітацыі пачынаецца 31 студзеня і доўжыцца да 24 лютага ўключна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Старшыня аблсавета дэпутатаў прыехала ў Светлагорск агітаваць за… сябе