Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сітуацыю з даглядамі актывістаў арганізацыі на літоўскай мяжы.
13 сакавіка намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактарка сайта praca-by.info Яўгенія Стрыжак былі затрыманыя на беларускай-літоўскай мяжы на памежным пераходзе “Каменны Лог” для паглыбленага дагляду без паведамлення прычынаў.
Тыдзень таму, 7 сакавіка, падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі “Гудагай” былі знятыя з цягніка для асабістага дагляду намесніца старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і адна з каардынатарак моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Мінск.
"Відавочна, што гэтыя спецслужбы атрымалі нейкі непісьмовы загад, каб актывістаў РЭП, якія будуць перасякаць мяжу, трэба неяк стрывожыць, але гэтыя здыманні з паяздоў – бессэнсоўны. Такім чынам, улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё пад наглядам і пад яе прэсам", - каментуе сітуацыю старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.
РЭП не прадстаўляў следчым органам спісы сяброў. Магчыма такая інфармацыя трапіла з канфіскаванай тэхнікі офіса.
Па “справе прафсаюзаў” апрасілі ўжо больш 500 чалавек. Следства працягнулі да 1 траўня.
У Беларусі яшчэ такого не было, каб грамадскую арганізацыю так шчыльна правяралі па сяброўству. Складваецца ўражанне, што яны наогул хочуць паглядзець ці існуюць гэтыя сябры прафсаюза ці гэта проста запісаныя лічбы. Я лічу, што гэта быў загад зверху, каб праглядзець структуру РЭПа”, - адзначае Генадзь Фядыніч.
Заўтра 15 сакавіка ў 13 гадзіны на галоўным офісе РЭП адбудзецца прэс-канферэнцыя па падзеям, якія апошнім часам складваюцца ў дачыненні да сяброў прафсаюза.
Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.
Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.
Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.
Крыніца: Генадзь Фядыніч: “Улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё знаходзіцца пад яе наглядам”