05.01.2024 Тэгі: выбары-2024 У Светлагорскім раёне вызначыліся з вылучэнцамі ў кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, абласны і раённы савет.
Зарэгістраваная ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэнне ў Палату прадстаўнікоў намесніка старшыні Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў Алены Лапцевай, якая неаднаразова вылучалася дэпутатам райсавета. Шмат гадоў яна ўзначальвае Светлагорскі філіял Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства. Старшыня райсавета депутатаў Людміла Вялічка вырашыла балатавацца ў абласны Савет.
Цяперашні дэпутат ПП НС ад Светлагорскага раёна Ігар Таўтын не рэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і ўдзельнічаць у выбарах не будзе.
У Гомельскі абласны Савет дэпутатаў вылучаныя тры месцы, але зарэгістравана чатыры ініцыятыўныя групы.
Трое з іх – прадстаўнікі мясцовага дырэктарата: намеснік гендырэктара ААТ “Светлагорскі ЦКК" Юрый Бердовіч, гендырэктар камунальнага жыллёвага прадпрыемства “Светач" Валерый Лупей і дырэктарка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Ювента" Таццяна Шамелава.
Тут жа будзе балатавацца і старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч. З вялікай доляй верагоднасці яна ў чарговы раз пройдзе ў абласны Савет.
Што тычыцца будучага Светлагорскага раённага дэпутацкага корпуса: на запланаваныя 40 месцаў новага райсавета прэтэндуюць 20 вядомых у раёне кіраўнікоў, якія балатуюцца у чарговы раз, а 20 “начальнікаў” рэгіструюцца ўпершыню.
Роўна 20 жанчын стануць дэпутатамі райсавета – гэта зноў 50%.
Аж 26 будучых дэпутатаў з'яўляюцца сябрамі партыі “Белая Русь” - 52%, і, дарэчы, прадстаўнік бізнесу Віталь Анжэнка па адзіным альтэрнатыўным участку № 29 таксама ўступіў у партыю “Белая Русь” і верагодна “пераможа” беспартыйную бізнэсвумен, дырэктарку ООО “Фінансавы Рай” Наталлю Завіцкую.
Тры будучыя дэпутаты прадстаўляюць Партыю працы і справядлівасці (6%), астатнія 12 – беспартыйныя. На гэты раз “камуністы” ў аблсавет не вылучаюцца.
Варта дадаць, што некалькі сельсаветаў Светлагорскага раёна прыпісаны да Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41, дзе на безальтэрнатыўнай аснове будзе вылучацца суддзя абласнога суда.
Усе ўсе будучыя кандыдаты ў раенны Савет ў дэпутаты ідуць без супернікаў, акрамя аднаго ўчастка №29 і, зразумела, супернічаць будуць два прадстаўнікі прыватнага бізнесу. На гэтым жа ўчастку была зарэгістраваная ініцыятыўная група звычайнага майстра вытворчасці, аднак па незразумелай прычыне ён зняў яе з рэгістрацыі. Усе астатнія безальтэрнатыўныя прэтэндэнты ў кандыдаты – кіраўнікі сярэдняга звяна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Светлагоршчына фарміруе дэпутацкі корпус: на старце – дырэктарат і вылучэнцы “Белай Русі”