04.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 Ірына Яскевіч "Віцебская Вясна" паведамляе, што Віцебская абласная выбарчая камісія 27 снежня 2023 году адмовілася разглядаць па сутнасці скаргу жыхаркі Віцебска Ірыны Яскевіч, якой адмовіла гарадская выбарчая камісія ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па вылучэнні яе кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарсавета дэпутатаў.

Прычына адмовы аднавіць правы грамадзянкі абіраць і быць абранай у прадстаўнічыя органы ўлады стала тое, што Яскевіч памылілася ў датыроўцы скаргі. Гэта факт паказвае на непрафесіяналізм і віну сябра камісіі, які пры прыняцці гэтай заявы не знайшоў памылкі і рэгістраваў скаргу. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, вылічэнне трохдзённага тэрміна, прадугледжанага для абскарджання рашэння тэрытарыяльнай, акруговай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, пачынаецца з дня прыняцця рашэння тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй.

Пры разглядзе скаргі Ірыны Яскевіч сябрамі Віцебскай абласной выканаўчай камісіі, быў устаноўлены факт таго, што гарадская выканаўчая камісія прыняла рашэнне адмовіць у рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы 22 снежня 2023 года, а скарга на гэтае рашэнне была накіравана ў вышэйшую камісію 26 лістапада. Гэта значыць, на месяц раней, чым гэтае рашэнне было прынята. З-за гэтага абласная выканаўчая камісія прыйшла да высновы, што заяўніца не выканала тэрміны падачы скаргі. Відавочна, чыста тэхнічная памылка ў даце скаргі дала магчымасць абласной камісіі адысці ад разгляду звароту Яскевіч па сутнасці.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Памылка сябра абласной камісіі не дазволіла аднавіць жыхарцы Віцебска права на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы