04.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 "Віцебская Вясна" паведамляе, што ў Віцебскай вобласці ў 14-ці акруговых выбарчых камісій зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У спісе — толькі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Сярод іх чатыры сябры Беларускай партыі "Белая Русь", адзін сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, астатнія дзесяць — беспартыйныя. Сярод будучых кандыдатаў 12 мужчын і тры жанчыны. Толькі ў адной выбарчых акруг ёсць канкурэнцыя, бо зарэгістраваныя дзве ініцыятыўныя групы.

З прэтэндэнтаў на заканадаўчае месца толькі тры чалавекі — дзеючыя дэпутаты парламента: беспартыйны дэпутат Віктар Нікалайкін (выбарчая акруга — Віцебская-Горкаўская № 17), сябра РППіС дэпутат Дзяніс Карась (Наваполацкі № 24), беспартыйная дэпутатка Святлана Адзінцова (Полацкі гарадскі). Усе яны пражываюць у Мінску.

У Лепельскі №23 будуць збіраць подпісы за вылучэнне беспартыйнага намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама Віктара Азаронка і сябры БП “Белая Русь”, дырэктаркі мясцовага музея Наталлі Залескай.

У Талачынскую выбарчую акругу № 30 вырашыў вылучыцца адзіны на ўсю вобласць прадстаўнік грамадскага аб'яднання. Гэта Уладзімір Бабічаў, першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі РГА "Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі". Ёсць усе перадумовы, што пасля выбараў пойдзе на працу ў парламент кіраўнік Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Юры Панфілаў. Зарэгістраваная ім ініцыятыўная група пачала збор подпісаў у выбарчай Віцебскай-Кастрычніцкай № 20 акрузе.

Сенсацыяй бягучай выбарчай кампаніі стала рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы палкоўніка-цік-токера Руслана Шкодзіна, які да таго ж займае пасаду ваеннага камісара Віцебскай вобласці. У выпадку яго рэгістрацыі, ён будзе змагацца за месца дэпутата ў Віцебскай-Чыгуначнай № 19 выбарчай акрузе.

"Правааабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: На Віцебшчыне дэпутатамі збіраюцца стаць начальнікі, дырэктары і адзін ваенкам-ціктокер