22.12.2023 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што Магілёўскім раёне ўжо адабралі "працоўную моладзь", якая імаверна трапіць ва ўчастковыя камісіі, хоць іх яшчэ нават не фармуюць.
Моладзевы парламент Магілёўскага раёна правёў "дзелавую гульню-рэпетыцыю працы выбарчага ўчастка". Прадстаўнікі структуры падзяліліся на ролі, каб адпрацаваць "адзіны дзень галасавання", які ўлады прызначылі на 25 лютага 2024 года. Паведамленне аб гульні з'явілася ў мясцовых СМІ, а таксама на абласным тэлебачанні "Беларусь 4 Магілёў", якое і раскрыла асноўны сэнс "гульні". Апынулася, што ў моладзевым парламенце пры Магілёўскім райсавеце дэпутатаў — працоўная моладзь. Большасць з іх будзе ў складзе ўчастковых [выбарчых] камісій, прычым упершыню. Таму на базе Вейнянскага сельсавета, дзе будзе выбарчы ўчастак, вырашылі правесці дзелавую гульню, каб ведаць дасканала, як праходзіць гэтая працэдура і як паводзіць сябе ў тых ці іншых момантах.
"Гэтая ініцыятыва моладзевага парламента адбываецца ўпершыню, для таго каб будучыя члены УВК паспрабавалі свае будучыя ролі і атрымалі вопыт, які спатрэбіцца 25 лютага", — распавёў Андрэй Трэй, старшыня моладзевага парламента, пацвердзіўшы, што менавіта гэтыя людзі будуць ва ўчастковых камісіях. Усё адбывалася пад наглядам галоўнага ідэолага Маграйвыканкама Алесі Купцовай.
Варта адзначыць, што ўчастковыя выбарчыя камісіі, згодна з рашэннем ЦВК, афіцыйна павінны быць утвораны з 19 па 25 студзеня 2024 года, прычым адбывацца гэта павінна ў канкурэнтным асяроддзі – вылучаць могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне ў колькасці ад дзесяці чалавек. Але ў Магілёўскім раёне, мяркуючы з усяго, спісы тых, хто павінен падлічваць галасы на выбарах, ужо сфармаваныя.
Акрамя гэтага, у Магілёве сярод студэнтаў чыняць перадвыбарчую прапаганду. У беларуска-расійскім універсітэце 21 снежня пашыранае пасяджэнне студэнцкага савета з удзелам сябраў саветаў факультэта «па пытаннях электаральнай кампаніі» правяла Таццяна Меньшыкава, намеснік начальніка ўпраўлення па працы са СМІ і маладзёжнай палітыцы Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі Магілёўскага аблвыканкама. Ідэолаг коратка распавяла пра Выбарчы кодэкс Беларусі і перайшла на тэму ўдзелу студэнтаў у выбарчай кампаніі. Агульны сэнс — выбары павінны прайсці з высокай яўкай студэнтаў, кантраляваць якую будуць куратары ВНУ.
У МДУ ім.А. Куляшова створана спецыяльная Моладзевая інфармацыйная група, якая з сярэдзіны снежня праводзіць масавыя сустрэчы для студэнтаў 1-4 курсаў на розных факультэтах. Лекцыі аб "прававых асновах удзелу выбаршчыкаў у працэдуры галасавання" рыхтуюць адабраныя студэнты, а курыруе працу групы прарэктар універсітэта Эдуард Куцакоў. Асобна акцэнтуецца ўвага на "недапушчальнасці заклікаў да гвалтоўнага звяржэння ўлады".
З асаблівай інтрыгай ідэалагічнае мерапрыемства прайшло ў трэцяй Магілёўскай ВНУ — МДУТ (дзяржуніверсітэце харчовых і хімічных тэхналогій). Там 21 снежня прайшоў дзень інфармавання на тэму "палітычная бяспека як аснова грамадска-палітычнай стабільнасці суверэннай дзяржавы. Выбарчая кампанія 2024 года ў новых прававых умовах". Лекцыю чытаў дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Ігар Пушкін. Вядомы ў горадзе гісторык адзначыў, што Беларусь — адзін з нямногіх куткоў бяспекі і стабільнасці, і ў пацверджанне слоў ён прывёў цытату з прамовы Лукашэнкі. Нагадаем, яго калега і былы начальнік па кафедры, прафесар Юрый Бубноў адбывае двухгадовы тэрмін у папраўчай калоніі №3 нібыта за паклёп у бок Лукашэнкі. Сам Пушкін праходзіў па гэтай справе сведкам.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: На Магілёўшчыне ўлады заахвочваюць моладзь удзельнічаць у выбарчай кампаніі